Урачыстай працэсіяй па вуліцах гарадскога пасёлка адзначылі 4 чэрвеня ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста вернікі Вялікай Бераставіцы.
У гэты дзень мы складаем падзяку Езусу за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае для кожнага з нас, і ўшаноўваем найбольшую таямніцу веры, якой з’яўляецца Эўхарыстыя — рэальная прысутнасць Хрыста ў хлебе і віне. Гэтую ўрачыстасць называюць яшчэ святам Божага Цела, яна адзначаецца ў чацвер пасля Найсвяцейшай Троіцы, таму што менавіта ў чацвер Хрыстос устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (у Вялікі чацвер).
Важным элементам свята з’яўляецца працэсія Божага Цела, якая адбываецца ў гэты дзень. Праходзіць яна звычайна па вуліцах населенага пункта і затрымліваецца каля чатырох алтароў, дзе чытаюцца фрагменты Евангелля.
Працэсія называецца эўхарыстычнай, таму што святар нясе Найсвяцейшы Сакрамэнт – Цела Хрыста. Удзел у працэсіі дае магчымасць вернікам падзякаваць Богу за ўсе дары, атрыманыя ад Яго.
Галоўная мэта ўрачыстасцяў Божага Цела — публічнае вызнаванне сваёй веры ў прысутнасць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, адданне Яму пашаны і падзяка за ўсе ласкі, а таксама перапрашэнне за знявагі, учыненыя праз чалавечую слабасць і грахі.
Сотні вернікаў Вялікай Бераставіцы таксама прынялі ўдзел у працэсіі, праслаўляючы Бога і даючы гэтым не толькі сведчанне сваёй веры, але і заахвочваючы іншых не баяцца паказваць сваю прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла.
Ірына Міклаш, фота аўтара