Здаецца, зусім нядаўна мы абмяркоўвалі планы на лета, вырашалі, як і дзе лепш яго правесці, а вось ужо адлічваем апошнія летнія дзянькі. Хтосьці пераглядае фотаздымкі з летняга адпачынку і любуецца паўднёвым загарам, а іншыя задаволеныя тым, што грошы летам яны не патрацілі, а наадварот, зарабілі.
Менавіта аб тым, як была арганізавана летняя працоўная занятасць моладзі ў нашым раёне я пацікавілася ў першага сакратара райкама БРСМ Ірыны Крывапляс.
— Летняе працаўладкаванне моладзі, — адзначае Ірына Аляксандраўна, — прыярытэтны накірунак работы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. І мы таксама пастараліся, каб у маладых людзей, якія выказалі жаданне летам папрацаваць, была такая магчымасць.
48 маладых людзей былі заняты ў складзе педагагічнага атрада, які чатыры змены дзейнічаў на базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Бераставіцкі”.
Акрамя таго, у ліпені — жніўні працаваў будаўнічы атрад навучэнцаў Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, які вёў работы па рамонту і добраўпарадкаванні тэрыторыі сваёй навучальнай установы.
Два добраахвотніцкіх атрада ў колькасці 40 чалавек працавала ў чэрвені на рамонце Вялікабераставіцкай СШ.
Сельскагаспадарчы атрад (20 чалавек) працаваў на відавой праполцы ў СВК “Цецяроўка”, 10 маладых людзей былі заняты на час уборкі ў СВК “Малабераставіцкі элітгас”.
Акрамя гэтага, летам не прыпынялі сваю работу і валанцёрскія атрады навучальных устаноў раёна, якія падтрымлівалі ў парадку помнікі і месцы воінскіх пахаванняў.
Наперадзе яшчэ сезон восеньскіх работ, мы плануем таксама арганізаваць працаўладкаванне каля 100 чалавек вучнёўскай моладзі ў складзе сельскагаспадарчых атрадаў.
Маладыя на жніве
У раённых спаборніцтвах па ўборцы зерневых і зернебабовых культур сярод маладзёжных уборачных экіпажаў і маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў, якое традыцыйна праводзяць райкам БРСМ, аддзел па справах моладзі і ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, сёлета прымалі ўдзел 19 маладых вадзіцеляў ва ўзросце да 31 года і 21 маладзёжны экіпаж.
Па выніках спаборніцтва лепшымі ў сваіх групах прызнаны экіпажы ў складзе Дзмітрыя Кухарчыка і Міхаіла Кухарчыка з СВК “Цецяроўка” і Віталія Качаноўскага і Уладзіміра Пяшко з СВК “Пархімаўцы”.
Сярод маладых вадзіцеляў найлепшыя паказчыкі ў Анатолія Легашчова з СВК імя Варанецкага.
Пераможцы раённага спаборніцтва будуць узнагароджаны граматамі і падарункамі РК ГА “БРСМ” і аддзела па справах моладзі райвыканкама на раённым свяце “Дажынкі”.
Ірына МІКЛАШ
Пробовала через брсм устроить сына на работу летом , вежливо отказали???? А пишут, что всех устраивали.