Працаўніцы СВК “Мала­бераставіцкі элітгас” жывуць «у пазітыве»

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_5038Што і казаць, нямала сюрпрызаў падкідвае нам паўсядзённае жыццё. І не заўсёды яны прыемныя. Як мы з імі спраўляемся, у многім характарызуе нас саміх. Напрыклад, у рэспубліканскім друку нядаўна прайшла цікавая публікацыя пра нашага суайчынніка, які жыве ў Кітаі. Дык ён шчыра выказаў сваю думку: “У нас многія мяняюць машыны і пры гэтым скардзяцца на жыццё. А многія кітайцы з’елі талерку рысу – і шчаслівыя, ад душы радуюцца жыццю.” Меркаванне гэтае не пра розныя чалавечыя патрэбы, а менавіта пра адносіны да жыцця, самага каштоўнага, што ў нас ёсць. Вось і са шматгадовага журналісцкага вопыту ведаю, што светапогляд і светаўспрыманне сяльчанак у многім адрозніваецца ад мыслення іх гарадскіх сябровак. Вясковыя жанчыны больш простыя, але і сіла волі ў іх большая. І часта нават не ўсведамляючы гэтага, яны робяць самую лепшую стаўку ў жыцці – на “пазітыў”. Такое ж прыемнае адчуванне пакінула і маё гэтае нядаўняе знаёмства.
“Слабога полу” ў СВК “Мала­бераставіцкі элітгас” працуе нямала. Шмат тут і маладых, што вельмі радуе. Юрысконсульт Святлана Макулік апынулася ў гэтых маляўнічых мясцінах па волі лёсу – выйшла замуж. Працавала спачатку бухгалтарам, зараз у полі яе зроку – юрыдычныя пытанні. Вышэйшую адукацыю жанчына атрымала ў Гродзенскім універсітэце. Пра сваю працу яна гаворыць, што галоўнае ў ёй – адказнасць. Работа юрысконсульта нагадвае гэтым і яе ранейшую работу бухгалтара. І там, і там цэніцца дакладнасць і дасціпнасць. А калі праца выканана добра, гэта дае маральнае задавальненне. У Святланы дзве дачкі, нядаўна старэйшай яна зрабіла добры падарунак – яны пабывалі ў Мінску. Вядома, цудоўны горад аказаў на іх незабыўнае ўражанне. А ў вольны час, якога не так многа, Святлана любіць чытаць. Вельмі спадабалася мне, што гэтая абаяльная жанчына літаральна выпраменьвае бадзёрасць і добры настрой. Вядома, у яе, як і ў кожнага чалавека, жыццё не без праблем, але галоўнае, як кажуць псіхолагі, не праблемы, а іх удалае вырашэнне.
Бухгалтар Тамара Дзешка – мясцовая, з Паплаўцаў. Яна закончыла аграрны каледж у Ваўкавыску, а затым завочна прайшла навучанне па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль” у Гродзенскім універсітэце. Вучыцца было вельмі цікава, хаця прафесія Тамары звязана з “сухімі лічбамі”. Цікавіла яе эканоміка, яе строгія законы, выкладчыкі вучылі студэнтаў мысліць аналітычна. Такі падыход і веды зараз вельмі карысныя ў паўсядзённай працы. Работа Тамары падабаецца, спецыяліст сапраўды знайшоў сябе, і гэта вельмі важна. А ў вольны час цікавіць яе псіхалогія – навука аб чалавечай душы. Думаецца, многія зразумеюць Тамару і яе захапленне. Такая навука – гэта сапраўды цэлы свет. А зараз выдаецца столькі цікавай літаратуры па псіхалогіі! Ад такіх кніг можна адчуваць сапраўдную асалоду.
Аграрны каледж у Ваўкавы­ску закончыла і сакратар СВК “Малабераставіцкі элітгас” Таццяна Горбач. Сама яна з Кватараў. Жыццё яе склалася шчасліва, лічыць яна. Работа любімая, з “дакументамі і людзьмі”, як сама яна кажа. Таццяна адзначае, што ветлівасць і добразычлівасць у прафесіі сакратара вельмі запатрабаваныя. У гаспадарцы ёй з мужам далі трохпакаёвую кватэру, у маладой сям’і падрастае маленькі сынок. Таццяна любіць утульнасць і прыгажосць, якую стварае сваімі рукамі. Жыллё яе ўпрыгожвае цэлая калекцыя экзатычных кветак — архідэй. Жоўтыя і блакітныя найбольш незвычайныя і прывабныя на выгляд.
З гутаркі з маімі новымі знаё­мымі, працаўніцамі СВК “Малабераставіцкі элітгас”, я вынесла адно агульнае ўражанне. Гэтыя абаяльныя і прыемныя сяльчанкі ўмеюць жыць – яны жывуць “у пазітыве”, чаго і многім іншым пажадаць не грэх, і не толькі жанчынам, а нават і мужчынам у наш няпросты час. Нездарма кажуць, што аптымізм – заўсёды палова поспеху.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *