Стан падлеткавай злачыннасці выклікае сур’ёзную занепакоенасць у прадстаўнікоў структур, якія займаюцца прафілактычнай работай з непаўналетнімі.
На 1 лютага на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх знаходзіцца 69 чалавек. Большую палову з іх (37 чалавек) складаюць навучэнцы Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Менавіта для іх 26 студзеня раённы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі арганізаваў і правёў семінар, на які былі запрошаны і прадстаўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама і пракуратуры.
Сустрэча праводзілася з мэтай папярэджвання падлеткавай злачыннасці і для інфармавання маладых людзей аб адказнасці, якая чакае іх за правапарушэнні.
Старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх С.А.Назымаеў расказаў навучэнцам ліцэя аб стане злачыннасці ў асяроддзі непаўналетніх па выніках 2010 года, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС В.С.Палякоў паведаміў аб рабоце, якая праводзіцца ў раёне па ахове правапарадку і пазнаёміў са змяненнямі, якія ўнесены ў Адміністрацыйны кодэкс Рэспублікі Беларусь і ў Правілы дарожнага руху.
Памочнік пракурора А.У.Тамчанок папярэдзіў аб крымінальнай адказнасці, якая чакае непаўналетніх за здзейсненыя злачынствы.
Каб напоўніць вольны час маладых людзей карыснымі мерапрыемствамі і папярэдзіць правапарушэнні, 15 лютага раённы камітэт БРСМ арганізаваў для навучэнцаў ліцэя, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, экскурсію на пагранічную заставу “Сямёнаўка”.
Начальнік заставы Л.Г.Лапіцкі правёў для маладых людзей азнаямленчую экскурсію па тэрыторыі заставы, паказаў, у якіх умовах служаць і жывуць салдаты-пагранічнікі.
Навучэнцам ліцэя былі прадэманстраваны ўменні службовых сабак, а таксама ўмоўнае затрыманне парушальніка дзяржаўнай мяжы.
У канцы сустрэчы пагранічнікі адказалі на пытанні сваіх гасцей, падзяліліся ўражаннямі ад армейскай службы.
Ірына МІКЛАШ