Прафсаюзы на шляху сацыяльнага партнёрства

Лента новостей

IMG_0813Падзяку за добрасумленную працу і садзейнічанне Беларускаму прафесійнаму саюзу работнікаў адукацыі і навукі ў ажыццяўленні праграм яго дзейнасці атрымала ад Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі старшыня прафкама Алекшыцкай сярэдняй школы Наталля Пекар.
Узначальваючы прафсаюзную арганізацыю школы з 2001 года, Наталля Леанідаўна зарэкамендавала сябе вопытным і адказным работнікам, які ўмее знайсці падыход да кожнага чалавека, стварыць спрыяльны мікраклімат у калектыве, з’яўляецца своеасаблівым “мосцікам” паміж адміністрацыяй школы і работнікамі ўстановы.
У Алекшыцкай СШ налічваецца 40 чалавек (педагогаў і работнікаў). Усе з’яўляюцца членамі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі. І задача старшыні прафкама — улічыць законныя правы і інтарэсы кожнага члена прафсаюзнай арганізацыі ва ўмовах цеснага супрацоўніцтва і сацыяльнага партнёрства з адміністрацыяй школы.
— На кантролі прафкама пастаянна знаходзяцца пытанні аховы працы, цяпер займаемся падрыхтоўкай дакументаў па атэстацыі працоўных месцаў, — расказвае Наталля Леанідаўна. – Вялікую ўвагу ўдзяляем замацаванню маладых спецыялістаў, таму ў нядаўна прынятым новым калектыўным дагаворы прадугледжаны шэраг дадатковых гарантый для іх. Гэта і штомесячныя надбаўкі да заработнай платы, квартальная матэрыяльная дапамога, прадастаўленне жылля ў інтэрнаце, матэрыяльная дапамога пры працаўладкаванні, настаўніцтва вопытных педагогаў. Дарэчы, матэрыяльная дапамога членам прафсаюза выдзяляецца з улікам канкрэтнай жыццёвай сітуацыі: аказваецца яна тым, хто знаходзіцца ў складаным матэрыяльным становішчы, няпоўным сем’ям, настаўнікам, якія завочна вучацца — у час сесіі, маці, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку (першы год), атрымоўваюць матэрыяльную дапамогу ў роўных долях з іншымі, да юбілейных дат і знамянальных падзей таксама выплачваюцца грашовыя сродкі. Не застаюцца без увагі ветэраны педагагічнай працы.
У калектыве стала добрай традыцыяй адзначаць прафесійныя і іншыя святы.
Дарэчы, калектыўны дагавор Алекшыцкай СШ удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе рэалізуемых калектыўных дагавораў, які праводзілі Міністэрства адукацыі і галіновы прафсаюз у 2011-2012 гг., і за прызавое месца ўзнагароджаны Ганаровай граматай абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Вядома, у гэтым немалая заслуга і старшыні прафкама, бо нягледзячы на вялікую педагагічную нагрузку (Наталля Леанідаўна працуе настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі), яна заўсёды знаходзіць час, каб вырашыць праблемы і пытанні, якія хвалююць членаў прафсаюзнай арганізацыі, дабіцца дадатковых мераў стымулявання іх працы, разнастаіць арганізацыю вольнага часу, што, бясспрэчна, спрыяе з’яднанню членаў працоўнага калектыву.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *