Аб далейшым эфектыўным развіцці СВП “Аграмір” ішла гаворка на нядаўняй прафсаюзнай канферэнцыі з удзелам кіраўніцтва ААТ “Малочны Мір”. Шмат гаварылася і пра клопат аб людзях у гаспадарцы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Жук і старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч.
Антон Станіслававіч у сваім выступленні адзначыў, што ўжо ў сілу свайго знаходжання ў цэнтры раёна СВП “АграМір” павінен стаць яго сапраўднай дастойнай “візітнай карткай”. Ужо радуюць вока дагледжаныя палі, новы гмах сучаснага малочнатаварнага комплексу. Такі “палац для кароў” каштуе вялікія грошы – каля 70 мільярдаў рублёў. Выдаткоўваць вялікія сродкі можна толькі ў тым выпадку, калі будзе пралічаная добрая аддача. А для таго, каб сельскагаспадарчая вытворчасць вялася на сучасным узроўні, давалі высокі ўраджай збожжавыя культуры і ў дастатку нарыхтоўваліся якасныя кармы для жывёлагадоўлі, аднаўляюцца машынны двор і мехмайстэрня.
У нашым раёне ўжо ёсць добры прыклад, калі “пад крыло” РУП “Гроднаэнерга” была ўзята гаспадарка. Зараз аграфірма “Стары Дворац” вывела вытворчасць на новы ўзровень і нават збіраецца ў гэтым годзе прымаць гасцей з усіх такіх філіялаў краіны на Дажынкі. Працаваць там стараюцца так, каб не было тады сорамна перад людзьмі. Працаўнікі імкнуцца апраўдаць давер, ім жа шмат дапамаглі з мадэрнізацыяй вытворчасці.
Генеральны дырэктар ААТ “Малочны Мір” Марына Анікеева расказала, “колькі каштуе” СВП “АграМір” галаўному прадпрыемству. Гэта сапраўды вялікія грошы.
А вытворцы, маючы адпаведную матэрыяльную базу, змогуць самі добра зарабляць. Прыбытак прынясе і малочная жывёлагадоўля, і цудоўны малады сад. Такая прадукцыя запатрабаваная. Галоўнае, каб кожны працаўнік на сваім месцы разумеў адказнасць за даручаную справу і стараўся.
Вытворцы атрымалі сапраўдную “вуду”, каб самі маглі вырашаць свае праблемы. Упэўненасць у тым, што ў нашых землякоў усё атрымаецца, і яны падтрымаюць добрае імя раёна, выказаў і намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Жук.
Цікавым было выступленне дырэктара СВП “АграМір” Ніны Лазавіцкай. Яна нераўнадушны чалавек, і прыкладвае ўсе намаганні, каб спадзяванні апраўдваліся. У прыватнасці, валавы надой у гэтым годзе запланавана давесці да 4189 тон, а з саду атрымаць 10 тон яблык і 70 тон ароніі і чорных парэчак.
Мне давялося пагутарыць з механізатарам СВП “АграМір” Юрыем Багдзеем, для якога мерапрыемства было асабліва прыемным. Яго разам з лепшымі працаўнікамі вылучылі на Дошку гонару і ўручылі адпаведны сертыфікат. Вядома, што такое прызнанне заслуг не пакінула чалавека раўнадушным. У яго з’явіўся новы стымул старацца. Ужо 25 гадоў Юрый працуе механізатарам. Усе работы выконвае якасна, таму і заслужыў шчырую павагу ў калектыве.
Ніна Наддэ