Прафесіі ў іх вечныя – аграрныя

Сельское хозяйство Человек и его дело

РУСП “Масаляны” – моцная гаспадарка, якая вызначаецца сярод іншых у вобласці і нават рэспубліцы сваім стабільным развіццём. Ёсць тут шмат непрыкметных герояў, кожны з якіх на сваім месцы стараецца працаваць як мага лепш, таму і вынікі добрыя. Свята сапраўдных мужчын сустракаюць яны руплівай працай.
Гэты звычайны зімовы дзень, калі я пабывала ў РУСП “Масаляны”, вызначыўся невялічкай адлігай, прадвеснікам недалёкай ужо вясны, а ў мехмайстэрні мужчыны былі заняты сваімі надзённымі справамі. Час ідзе хутка, таму да тэхагляду і палявых работ, якія прыйдуць неўзабаве, людзі рыхтуюцца загадзя. У гаспадарцы надаецца належная ўвага забеспячэнню запчасткамі, а прафесіяналізму працаўнікам тут не займаць. Добра ўпісалася ў зладжаны калектыў і моладзь. Тое, што маладыя жадаюць працаваць у РУСП “Масаляны”, сведчыць аб тым, што ў гаспадаркі добрая перспектыва.
Механізатар Войцех Пляўга прыезджы, але масалянская зямля для яго ўжо даўно стала роднай. На самых розных відах палявых работ можна яго ўбачыць. Механізатар гаворыць, што больш за ўсё яму падабаецца працаваць на нарыхтоўцы кармоў, на пагрузцы цукровых буракоў. Водар свежаскошанай травы і хвалі сенажаці напамінаюць яму дзяцінства, а для вяскоўцаў касавіца заўсёды была не толькі залогам будучых добрых надояў ад каровак, але і сапраўдным святам, калі радуецца душа. Нават у літаратурных мастацкіх творах апявалася такая сялянская праца.
Працуе Войцех у РУСП “Масаляны” ужо 22 гады. А ў маладосці давялося яму паслужыць у Германіі. Сваімі вачамі бачыў, што славуты парадак там – не пустыя словы. Каб і ў нас паўсюдна людзі так стараліся наводзіць парадак на роднай зямлі, было б вельмі добра. А вучыць падтрымліваць чысціню дзяцей трэба змалку, у сям’і, тады гэта ўвойдзе ў дастойную звычку. Займаецца зараз Войцех рамонтам, рукі ў яго залатыя. А акрамя гэтага, механізатар заняты на падвозе саломы на ферму і адвозцы арганікі.
Электрагазазваршчык Іосіф Чайкоўскі таксама не мясцовы, а трапіў сюды, таму што ажаніўся з мясцовай прыгожай дзяўчынай. Трэці дзясятак гадоў ён працуе на карысць гаспадаркі, заняткам сваім задаволены. Попыт на такі занятак будзе заўсёды. Іосіф адзначае, што за гэты час і зварачнае абсталяванне ўдасканалілася, ахове працы надаецца вялікае значэнне. А дома ў яго – сапраўдны “кветнік” – тры дачушкі, старэйшая з іх ужо пайшла на свой хлеб, працуе кухарам у Гродне, а малодшыя ходзяць у школу.
— У яго не толькі тры дочкі, а яшчэ вунь колькі жанчын – і жонка, і цешча, — жартуюць калегі па працы.
— Ну і як Вам гэта? – пытаюся.
— Трывала, – таксама ўсміхаецца мужчына.
— Шануюць Вас, берагуць? – пытаюся.
— Так, — згаджаецца Іосіф.
— Дык Вам шмат грошай трэба, кожнай дачушцы пасаг трэба даць, — працягваем гутарку.
— Вядома, — згаджаецца шматдзетны бацька, але гэта радасныя клопаты.
А Аляксандр Глінкін – малады электрагазазваршчык. Ён мясцовы, і лепшага месца, чым малая радзіма, шукаць не захацеў. Хлопец з удзячнасцю гаворыць пра старэйшых калег – калі зрэдку што не атрымліваецца, заўсёды прыйдуць на дапамогу, падставяць плячо.
Вадзіцель Сяргей Тарасевіч таксама мясцовы, а па адукацыі хімік-тэхнолаг. Ён аддаў перавагу той справе, што больш яму па душы. У тлумным цэху не так камфортна, як у кабіне машыны, калі побач праз шкло бачны маляўнічыя родныя краявіды. На сваім магутным МАЗе ўмелы вадзіцель добра папрацаваў у час уборкі ўраджаю, а грузавік свой даглядае з вялікім клопатам і майстэрствам.
Усе мужчыны РУСП “Масаляны”, а таксама ветэраны працы няхай прымуць шчырыя віншаванні са святам – Днём абаронцаў Айчыны. Усе яны знайшлі сябе ў мірнай стваральнай працы. Пажадаем ім моцнага здароўя, шчасця, бадзёрасці, кахання, згоды і ўдачы!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *