Зноў надзею вяртаць з небыцця,
Несці ў сэрцах гуманнасць адвечна,
Быць на варце самога жыцця–
Ганаровая мэта, бясспрэчна.
Гэтыя радкі і пра яе, Яўгенію Канстанцінаўну Зданчук, якая ўсё сваё працоўнае жыццё – з 1952-га па 1994-ы гады – аддала адказнай і нялёгкай прафесіі медыцынскай сястры. Той прафесіі, у якой асабліва ярка прасочваюцца традыцыі міласэрнасці і гуманнасці. Шлях у медыцыну выбіраюць, згадзіцеся, тыя, хто аддана любіць людзей, а медыцынскую сястру ўвогуле немагчыма прадставіць без такіх уласцівасцей характару, як добразычлівасць, уменне спачуваць і клапаціцца пра хворага. Усе гэтыя якасці ўласцівы і Яўгеніі Канстанцінаўне, якой 20 мая споўнілася восемдзесят гадоў. А 12 мая адзначаўся Міжнародны дзень медыцынскай сястры. І родныя, віншуючы дарагую і любую жонку, маму, бабулю з такім шаноўным юбілеем, адначасова віншавалі яе і з прафесійным святам. Пры гэтым шчыра дзякавалі за тое, што яна ў сям’і – роданачальніца дынастыі медыкаў. Сапраўды, Яўгенія Канстанцінаўна ўпаснымі адносінамі да сваёй няпростай і адказнай справы выклікала зацікаўленасць да медыцыны не толькі ў мужа, Анатолія Уладзіміравіча, і не толькі ў дзяцей, але і ва ўнукаў.
…На Бераставіччыну 17-гадовая Жэнечка Віціневіч прыехала ў 1952-м годзе пасля заканчэння Слонімскага медыцынскага вучылішча. Спачатку, усяго паўгода, яна працавала працэдурнай медсястрой у раённай бальніцы, якая была тады ў Белым Дворку. А потым абставіны склаліся так, што хірург застаўся без аперацыйнай сястры – яна выйшла замуж і паехала з раёна. Прапанавалі прайсці двухмесячныя падрыхтоўчыя курсы ёй, Жэні.
– Я аж спалохалася, пачуўшы такую прапанову, – прызнаецца Яўгенія Канстанцінаўна. – Аднеквалася як магла. Але выйсця не было – нехта ж павінен дапамагаць хірургу рабіць аперацыі. Тады і пачаўся адлік яе нялёгкіх працоўных будняў, які выліўся ў цэлых 42 гады любімай справы.
Маладой аперацыйнай сястрычцы адразу ж пашанцавала: з першага дня яна працавала разам з выдатным хірургам Сяргеем Уздзенавым. Ён быў вельмі строгім, але ўрачом – ад Бога. У час вайны Сяргей Аляксандравіч працаваў у ваенным шпіталі, кожны дзень аперыраваў байцоў і меў залатыя рукі і надзвычай багаты прафесійны вопыт.
–У тую пару – а пасля заканчэння вайны прайшло ўсяго восем гадоў – было многа запушчаных захворванняў, – успамінае мая субяседніца. – Яно і зразумела: пра які тэрапеўтычны ўзровень дапамогі магла ісці гаворка у ваенны і першы пасляваенны час? Вось і паступалі пацыенты са шматлікімі грыжамі, апендыцытамі, запушчанымі гінекалагічнымі захворваннямі… Аперацыйнымі днямі былі аўторак і пятніца, і мы, здаралася, аперыравалі па шэсць-сем чалавек. Гэта не лічачы экстраных пазапланавых аперацый, а іх таксама было нямала. Вось вы пацікавіліся, колькі ўвогуле аперацый было зроблена пры маім ўдзеле. Але хіба падлічвала іх? Помню, яшчэ ў Белым Дворку трапіла на вочы справаздача за год: 360 аперацый. Гэта і для абласной бальніцы было нямала.
Менавіта ў ваеннага хірурга Сяргея Аляксандравіча Уздзенава, а таксама ў яго жонкі, хірурга-гінеколага Ларысы Палянскай, маладзенькая медсястра прайшла выдатную прафесійную школу. Гэта цяпер у распараджэнні дактароў сучаснае дыягнастычнае абсталяванне. У аперацыйна-рэанімацыйным блоку яно пастаянна і ўсебакова кантралюе стан хворага, дапамагае справіцца з самымі цяжкімі сітуацыямі. А тады… Тады дыягностам была, па вялікім рахунку, умелая рука хірурга, якую дапаўнялі толькі рэнтгенаскапія ды лабараторныя аналізы. Хірург Уздзенаў і яго жонка самі выконвалі ўсе рознапланавыя аперацыі, у тым ліку такія складаныя, як трэпанацыя чэрапа, ампутацыя канечнасцяў, выдаленне ныркі… Спецыялісты з Гродна прыязджалі толькі ў самых крайніх выпадках.
Умовы працы і аперацыйнай сястры тады і цяпер былі што неба і зямля. Мяркуйце самі: яна сама стэрылізавала ў звычайным стэрылізатары ўсе хірургічныя інструменты, а матэрыял для накладвання ўнутраных і знешніх швоў, прасціны, перавязачны матэрыял, марлевыя тампоны, павязкі і г.д. замочвала на 12 дзён ў дэзінфіцыйным растворы, потым захоўвала ў спірце. Медсястра Жэня Віціневіч не мела права адлучыцца з Бераставіцы, не паведаміўшы пра гэта дзяжурнаму доктару і не пакінуўшы адрас, па якім яна пойдзе ці паедзе.
– Аперацыйная сястра ў тую пару была адна, – кажа мая субяседніца. – Гэта ўжо праз дзесяцігоддзі праца стала пазменнай. А тады я, вядома, не магла разлічваць ні на выхадныя, ні на святочныя дні: у любы момант маглі выклікаць на аперацыю.
Нярэдка бальнічная брычка ўначы забірала дзяўчыну з кватэры, а таксама з кіно і танцаў, аднаго разу – нават з вяселля сяброўкі.
– І сёння, праз столькі гадоў, у вушах стаіць начны стук у вакно, голас бальнічнага конюха: “Віціневіч, тэрмінова ў бальніцу!” У кватэры, дзе жыла, заўсёды напагатове стаяў “трывожны” чамаданчык.
Работа ў яе, вядома, была няпростай, і таму, што пастаянна патрабавала ўдасканальвання ведаў, выключнай сабранасці і пільнасці – рухі аперацыйнай сястры павінны быць адточаны да аўтаматызму, разумець ўрача ёй трэба з першага позірку, з паўнамёка.
Вядома, у гарадах ужо і ў тую пару ў час аперацый пры хірургах працавалі ўрачы- асістэнты. Яўгенія Канстанцінаўна была і за аперацыйную медсястру, і за асістэнта.
Ад бераставіцкіх ветэранаў- медыкаў мне даводзілася чуць, наколькі цанілі яе не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці. Прыязджаючы з Гродна на цяжкую аперацыю, абласныя хірургі заўважалі: у Бераставіцы можна абысціся і без асістэнта, тут вельмі вопытная аперацыйная сястра. І гэта не проста словы. За сваю высокапрафесіянальную і сумленную працу аперацыйная медсястра першай катэгорыі неаднаразова ўзнагароджвалася.
– Мы пазнаёміліся, калі Жэня працавала ў Белым Дворку аперацыйнай сястрой, – расказвае муж Яўгеніі Канстанцінаўны, вопытны і вядомы ў нашым раёне акушэр-гінеколаг Анатоль Уладзіміравіч Зданчук. – Дзяўчына з такім захапленнем расказвала мне пра прафесію і свае працоўныя будні, што застацца раўнадушным да яе і яе адносін да прафесіі было проста немагчыма. Мне і самому захацелася пайсці ў медыцыну, каб вяртаць людзям здароўе. Прызнаюся, раней я нават і не задумваўся над тым, што магу рэалізаваць сябе ў гэтай прафесіі.
Неўзабаве Анатоль, выкладчык фізкультуры ў школе, змяніў свае жыццёвыя планы: паступіў не ў педагагічны інстытут, куды рыхтаваўся, а ў медыцынскае вучылішча. Закончыўшы яго, падаў дакументы – зноў жа параіла Жэня – у медінстытут. Анатоль Уладзіміравіч і сёння вельмі ўдзячны жонцы, што дапамагла яму выбраць галоўную і любімую справу жыцця.
– Не адзін раз потым лавіў сябе на думцы: выпадковасцей у жыцці ўсё ж не бывае. Сустрэцца нам было наканавана самім лёсам – для таго, каб займацца адной справай, а потым перадаць захапленне ёю сваім дзецям і ўнукам.
…У 1956 годзе яны сыгралі вяселле. З таго часу і пачаўся для абодвух шлях у сямейнае жыццё і – у прафесію. Муж вучыўся, а Яўгенія Канстанцінаўна працавала, удасканальвала свае веды, набіралася вопыту.
– Мне заўсёды шанцавала: побач былі вопытныя хірургі, урачы. Пашчасціла працаваць з цудоўным хірургам Аляксандрам Міхайлавічам Рубінскім, якога і сёння з удзячнасцю ўспамінаюць жыхары Бераставіцы і раёна, – расказвае Яўгенія Канстанцінаўна. – Памятаю, перад прыездам новага хірурга разнеслася чутка, што ён вельмі строгі, нават суровы. З хваляваннем чакала першай сумеснай аперацыі.
Аляксандр Міхайлавіч аказаўся не толькі талковым, вопытным спецыялістам, але і вясёлым, з лёгкім характарам чалавекам. Ён умеў заўважыць і ацаніць прафесіяналізм, і па завяршэнні той першай аперацыі пахваліў Яўгенію і нават галантна пацалаваў руку. Слова “дзякуй” яна чула ад гэтага хірурга пасля заканчэння кожнай аперацыі. І медсястра яшчэ больш старалася не падвесці яго.
Мы размаўляем, і Яўгенія Канстанцінаўна з удзячнасцю называе тых, з кім даводзілася працаваць у аперацыйнай. Яна ўспамінае, што многаму навучылася ў Міхаіла Архіпавіча Тарасевіча, а яшчэ тое, якім акуратным хірургам быў Іван Антонавіч Ляховіч і надзвычай дасціпным – Іосіф Іосіфавіч Горбач… Давялося працаваць жанчыне і з першым у бальніцы анестэзіёлагам, а дагэтуль тэрапеўтам, Валерыем Аляксандравічам Бакшуком. Адзначае, наколькі ўвогуле рознабаковы і цікавы гэты чалавек.
Я прашу субяседніцу ўспомніць неардынарныя і экстраныя выпадкі. І Яўгенія Канстанцінаўна расказвае, што сапраўды часта была сведкам таго, калі чалавечае жыццё было на грані, але хірургам усё ж удавалася яго выратаваць. Так было, да прыкладу, у час аперыравання жанчыны з пазаматачнай цяжарнасцю. Адкрылася моцнае крывацячэнне, на ўліку была літаральна кожная хвіліна.
–Пацыентку выратавала толькі майстэрства ўрача Тарасевіча, – кажа мая субяседніца.
Былі і горкія хвіліны адчаю – тады, калі ўрач быў бяссільным – у рэшце рэшт, ён не Бог. Ніколі не забыць Яўгеніі Канстанцінаўне, як хірург Рубінскі змагаўся за жыццё вясковага хлопчыка, пацярпеўшага ад ўзрыву снарада. Адну нагу ён ампутаваў, а другую не паспеў – дзіця памерла на аперацыйным стале. Аляксандр Міхайлавіч не мог стрымаць тады сваіх слёз.
– І калі нехта лічыць, што хірургі – людзі бяздушныя, той, глыбока памыляецца, – заўважае жанчына. – Я бачыла, як моцна перажывалі ўрачы-мужчыны за вынікі сваёй працы.
Слухаючы Яўгенію Канстанцінаўну, я думаю яшчэ і пра тое, што пацыент, які ўдзячны хірургу за ўдала зробленую аперацыю, часцей за ўсё нават і не падазрае, як многа ўмення і душэўных сіл укладзена ў выратаванне яго жыцця аперацыйнай сястрой. Бо і ад яе таксама ў немалой ступені залежыць, як пройдзе аперацыя, колькі часу яна зойме.
Доўгі час Яўгенія Канстанцінаўна Зданчук працавала аперацыйнай сястрой у свайго мужа, акушэра-гінеколага Анатоля Уладзіміравіча.
– Ведаеце, перад нашай першай сумеснай аперацыяй я хвалявалася як ніколі, – прызнаецца жанчына. – Было трывожна за блізкага чалавека, хаця і ведала, што Анатоль мае грунтоўныя веды, скрупулёзна падрыхтаваўся да аперацыі. А калі ўбачыла, наколькі ён упэўнены за аперацыйным сталом – супакоілася.
Муж вёў прыём у паліклініцы, працаваў у стацыянары, у раддоме, выязджаў на Фапы. Ён клапаціўся пра здароўе бераставіцкіх жанчын, каб яны маглі выканаць сваю галоўную місію, дадзеную Богам, – нарадзіць дзіця. Хутка заваяваў давер і павагу ў пацыентак, на прыём да яго прызджалі жанчыны і з іншых раёнаў. Яўгенія Канстанцінаўна ганарылася сваім Анатолем Уладзіміравічам, была шчаслівая працаваць побач з ім.
Кажуць, людзям адной прафесіі з цягам часу становіцца няпроста жыць разам, бо рабочыя моманты і праблемы пераходзяць і ў дом.
– Няпраўда, – не згаджаюцца з гэтым муж і жонка Зданчукі. А Анатоль Уладзіміравіч тлумачыць:
– Хутчэй за ўсё –наадварот: гэта шчасце, калі цябе разумеюць, нешта табе параяць, калі ёсць з кім абмеркаваць прафесійныя праблемы. У нас дома размовы на медыцынскія тэмы былі як сапраўдныя “пяцімінуткі”.
Сын і дачка з дзяцінства чулі гэтыя размовы і не дзіўна, што са школьнай парты таксама марылі быць медыкамі.
Цяпер у Зданчукоў цэлая сямейная дынастыя медработнікаў. Сын Уладзімір – хіруг, яго жонка – медыцынская сятра, жывуць яны ў горадзе Петрыкаў Гомельскай вобласці. А дачка Ларыса – участковы тэрапеўт у Баранавічах, яе муж – неўрапатолаг, адзін іх сын вывучыўся на псіхолага, а другі асвойвае прафесію стаматолага.
– А ўсё пайшло ад маці, – заўважае Анатоль Уладзіміравіч. – Яна была ў нас першай. І сваю любоў да прафесіі медыка перадала спачатку мне, а потым у спадчыну і нашым дзецям.
– І вельмі рада гэтаму, – кажа Яўгенія Канстанцінаўна. – Мая работа падарыла мне шчасце. Задаволена, што і дзеці любяць сваю справу.
Марыя Драпеза
Фота аўтара і з сямейнага архіва Зданчукоў