Прафесар Сяргей Габрусевіч з Верхаўлян

Из истории земли Берестовицкой Культура

Прафесар Сяргей Аляксандравіч Габрусевіч, як удумлівы даследчык і аўтар шматлікіх навуковых прац, шырока вядомы не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі. Ён неаднаразова прымаў удзел у міжнародных навуковых канферэнцыях і сімпозіумах у Расіі, Польшчы, Чэхіі, на якіх абмяркоўваліся пытанні гісторыі і развіцця культуры славянскіх народаў. А ў 2010 годзе прымаў удзел у І з’ездзе вучоных Беларусі.

Сяргей Аляксандравіч Габ­русевіч нарадзіўся 9 верасня 1936 года ў вёсцы Верхаўляны. Рана асірацеў, яго бацьку, як і ўсіх верхаўлянскіх мужчын, немцы расстралялі ў 1942 годзе. У сям’і ён быў старэйшым з мужчын, спазнаў с маленства смак сірочага хлеба. З 10 гадоў хадзіў з канём па сваёй палосцы – баранаваў і драпачаваў, а ў 14 гадоў ужо араў і сеяў, выціраючы рукавом і пот, і слёзы, і радуючыся аксамітавай руні ўзыходзячага жыта. Сярэднюю адукацыю юнак атрымаў у Малабераставіцкай сярэдняй школе, якую скончыў у 1954 годзе. Працаваў загадчыкам хаты-чытальні, тры гады служыў у Савецкай Арміі. У 1957-1960 гадах быў брыгадзірам у калгасе імя Леніна ў Алекшыцах.
Вышэйшую адукацыю Сяргей Габрусевіч атрымаў на гісторыка-філалагічным факультэце Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Падчас вучобы ён узначальваў камітэт камсамола інстытута, працаваў лабарантам кафедры педагогікі. У 1964 — 1965 гадах, будучы яшчэ студэнтам дзённай формы навучання, ужо загадваў вучэбнай часткай інстытута. Пасля заканчэння інстытута – асістэнт кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі, аспірант кафедры дыялектычнага матэрыялізму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна. Аспірантуру скончыў датэрмінова і ў 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, а з восені 1969 года працаваў старшым выкладчыкам кафед​ры філасофіі і палітэканоміі педінстытута. Вучонае званне дацэнта на гэтай кафедры яму было прысвоена ў 1972 годзе.
З 1973 года Сяргей Аляксандравіч – загадчык кафедры навуковага камунізму і палітэканоміі. З 1976 года ён працуе прарэктарам па навуковай рабоце, з 1986 года – прарэктарам па навучальнай рабоце, прафесарам кафедры беларускай культуры, потым – загадчыкам і прафесарам кафедры беларускай культуры.
Вучонае званне прафесара па кафедры сацыяльна-палітычных тэорый і паліталогіі Сяргею Габрусевічу прысвоена ў 1990 годзе.  
У 90-я гады мінулага і пачатку гэтага стагоддзя прафесар С. А. Габрусевіч плённа працуе на ніве нацыя​нальнай культуры. Ён быў членам Пленума Савецкага Фонду культуры (Масква), членам Прэзідыума Беларускага Фонду культуры, старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду культуры. У 1994-1995 гадах заснаваў і рэдагаваў гісторыка-культурны часопіс «Свіцязь». С. А. Габрусевіч, як рэдактар і вучоны, сумеў згуртаваць вакол часопіса здольных маладых навукоўцаў, якія друкавалі на яго старонках цікавыя матэрыялы па гісторыі культуры Гродзеншчыны (у тым ліку і Бераставіччыны) і культуры беларускага замежжа.
С. А. Габрусевіч — аўтар больш за 100 навуковых прац па тэорыі пазнання, тэорыі і гісторыі беларускай культуры. Сярод яго навуковых прац вылучаюцца манаграфіі «Гродна. Гістарычна-эканамічны нарыс», «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» , «Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё і спадчына», а таксама вучэбныя дапаможнікі «От деловой игры до профессионального творчества», «Педагагічная практыка студэнтаў», «Гісторыя беларускай культуры» і іншыя. Некаторыя з іх напісаны ў суаўтарстве з калегамі.
Прафесар С. А. Габрусевіч – таленавіты публіцыст і лектар, Ганаровы прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ён, па словах прафесара ўніверсітэта А. М. Пяткевіча, вылучаўся глыбінёй філасофскага мыслення, шырокім кругаглядам у галіне нацыянальнай і сусветнай культуры, пранікліва-паэтычным успрыманнем жыцця і рэчаіснасці. Усё гэта ў спалучэнні з багатым практыч​ным вопытам рабіла яго прызнаным экспертам у многіх аспектах шматграннага ўніверсітэцкага жыцця.
Але мала хто ведае, што Сяргей Габрусевіч у юнацтве пісаў вершы, якія друкаваліся ў раённай, абласной і ў рэспубліканскіх газетах. У свой час ім давалі добрую ацэнку Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін.
Свае вершы Сяргей Габрусевіч пачаў “складваць”, як гаварыў ён сам, дзесьці ў 5-ым класе. Спачатку іх размяшчалі ў насценнай газеце, потым некаторыя з іх друкаваліся ў піянерскіх газетах. А ў 9-10-ых класах некалькі вершаў было надрукавана ў раённай газеце “Знамя Советов”.
Неяк так атрымалася, што ў другой палове 1950-х гадоў – яшчэ будучы школьнікам – я гасцяваў у дваюраднага брата ў Алекшыцах. І трапіла мне ў рукі раённая газета з “Літаратурнай старонкай”. Там было і некалькі вершаў Сяргея Габрусевіча. Іншых вершаў не памятаю, а вось адзін з іх пад назвай “Счастье” на мяне зрабіў вялікае ўражанне. Я яго нават вывучыў на памяць і некалькі разоў дэкламаваў са школьнай і клубнай сцэны.
Асабіста мы пазнаёміліся з Сяргеем ужо пасля вяртання яго з арміі, а потым – у 1966-69 гадах – мы сустракаліся на пасяджэннях літаратурнага аб’яднання пры “Гродзенскай праўдзе”. На гэтых паэтычных вячорках аўтары чыталі “свае тварэнні”, а потым іх абмяркоўвалі. Вынікі падводзіў кіраўнік літаратурнага аб’яднання, літаратурны кансультант “Гродзенскай праўды”, малады пісьменнік Васіль Быкаў. Ён рабіў гэта тактоўна, але добра памятаецца, што вершы Сяргея Габрусевіча, Дануты Загнетавай, Уладзіміра Шурпы, Аляксея Дземідовіча, Гаўрыіла Шутэнкі ён часта хваліў, хаця і крытыкі таксама хапала. На адным з пасяджэнняў быў Рыгор Барадулін, тады ўжо вядомы паэт, які прыехаў з Мінска, каб пазнаёміцца з гродзенскай творчай моладдзю і ўзяць што-небудзь для публікацыі ў сталічных часопісах. Ён таксама даў станоўчую ацэнку вершам гэтых паэтаў.
Можна сказаць, што паэзія была юнацкім захапленнем Сяргея Габрусевіча. Пасля аспірантуры ён цалкам аддаецца навуковай і педагагічнай дзейнасці, і дзесьці толькі ў апошнія гады жыцця ён зноў звярнуўся да паэзіі. Пісаў ужо на беларускай мове і больш за ўсё “санеты”, а таксама займаўся літаратурнай апрацоўкай сваіх успамінаў. А ўспамінаць было пра што: ён сустракаўся і сябраваў з вядомымі пісьменнікамі, навукоўцамі, мастакамі і артыстамі.
С. А. Габрусевіч неаднаразова бываў на Бераставіччыне і ахвотна сустракаўся з землякамі на літаратурных вечарах і святочных мерапрыемствах. У свой час прымаў удзел ва ўрачыстым адкрыцці мемарыяльнай дошкі на раённай бібліятэцы, сустрэўся з яе работнікамі і чытачамі, удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні святочнага вечара ў Алекшыцах, прысвечанага юбілею мясцовага калгаса. Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні навуковай канферэнцыі, прысвечанай жыццю і творчасці ўраджэнца Малой Бераставіцы, прафесара Віленскага ўніверсітэта І. С. Анацэвіча і выданнем яе матэрыялаў асобнай кнігай.
Як успамінаў былы старшыня мясцовага калгаса М. Я. Мешчаня, Сяргей Аляксандравіч, працуючы брыгадзірам, праявіў сябе здольным арганізатарам, які добра ведаў псіхалогію мясцовых людзей. Многія нават думалі, што ён прысвяціць сябе рабоце ў сельскай гаспадарцы і прарочылі пасаду старшыні.
Прафесар гродзенскага ўнівер­сітэта А. М. Пяткевіч называў нашага земляка “жывой энцыклапедыяй”, чалавекам глыбока інтэлігентным, удумлівым, патрабавальным да сябе і паважлівым да людзей.
У Сяргея Аляксандравіча Габрусевіча было яшчэ шмат задумак і планаў. Але на 77-ым годзе яго жыццё раптоўна абарвалася падчас выступлення ў аўдыторыі. Гэта было ў 2013 годзе.
Мікалай Пацэнка,
навуковы супрацоўнік
музея Вавёркі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *