5 красавіка прайшла IV справаздачна — выбарчая канферэнцыя раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, у якой прынялі ўдзел 125 дэлегатаў з усіх “пярвічак” БРСМ раёна. Раённы камітэт БРСМ падвёў вынікі работы за мінулыя тры гады і вызначыў актуальныя накірункі дзейнасці на перспектыву.
У сваім справаздачным дакладзе першы сакратар РК ГА “БРСМ” С.М.Ваўчок адзначыла, што раённая арганізацыя праводзіць актыўную работу па патрыятычнаму выхаванню моладзі, развіццю яе творчых здольнасцей, фарміраванню здаровага ладу жыцця, прафілактыцы правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі і па арганізацыі вольнага часу. За тры гады праведзены цэлы шэраг разнастайных мерапрыемстваў, акцый, конкурсаў, спаборніцтваў. Многа зроблена, але многае яшчэ і наперадзе. Жыццядзейнасць арганізацыі залежыць у першую чаргу ад актыўнай пазіцыі маладзёжных лідараў. За вернасць традыцыям арганізацыі Святлана Мікалаеўна ўручыла граматы і памятныя падарункі актывістам маладзёжнага руху раёна: старшаму майстру-тэхнолагу Бераставіцкага масласырзавода Таццяне Жлабовіч, вучню Вялікабераставіцкай СШ Алегу Рыжко, намесніку дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Паплаўскага дзіцячага сада – БШ Вользе Хілюта, вучаніцы Алекшыцкай СШ Таццяне Шакоць (на здымку).
З дакладам аб дзейнасці раённай кантрольнай камісіі ГА “БРСМ” выступіў яе старшыня Д.М.Скапец.
У абмеркаванні дакладаў прынялі ўдзел і расказалі аб канкрэтнай дзейнасці сваіх пярвічных арганізацый Алег Рыжко (Вялікабераставіцкая СШ), Аляксей Кудлаш (СВК “Макараўцы”), Сяргей Назымаеў (аддзел унутраных спраў райвыканкама).
Таццяна Эйсмант, старшыня Гродзенскай абласной кантрольнай камісіі ГА “БРСМ” прывітала ўдзельнікаў канферэнцыі і ўручыла Падзячнае пісьмо Гродзенскага абкама БРСМ С.М.Ваўчок.
За патрыятычныя акцыі ў падтрымку ветэранаў, за клопат і падтрыманне ў належным стане помнікаў і месцаў воінскіх пахаванняў выказала падзяку актывістам маладзёжнай арганізацыі старшыня раённага савета ветэранаў А.І.Сілкова.
Намеснік старшыні райвыканкама С.Я.Чыкун заклікаў маладых людзей быць актыўнымі і ініцыятыўнымі, самім зрабіць жыццё арганізацыі цікавым і насычаным.
Дэлегаты канферэнцыі прызналі работу раённага камітэта за справаздачны перыяд здавальняючай і вырашылі ў далейшай дзейнасці працягваць рэалізацыю асноўных праектаў і праграм Беларускага рэ-спубліканскага саюза моладзі, засяродзіўшы ўвагу на ўмацаванні пярвічных арганізацый БРСМ і павелічэнні колькаснага складу раённай арганізацыі, на павышэнні ўзроўню работы, якая праводзіцца з сельскай і працуючай моладдзю, на падтрымцы пераемнасці пры супрацоўніцтве з Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй. Неабходна таксама актывізаваць работу па прафілактыцы правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі, другаснай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час, прапагандаваць асабістым прыкладам здаровы лад жыцця, развіццё масавага спорту і турызму.
Таксама быў выбраны новы састаў раённага камітэта БРСМ, раённай кантрольнай камісіі, дэлегаты на абласную справаздачна – выбарчую канферэнцыю і прыняты зварот да моладзі раёна.
Першым сакратаром РК ГА “БРСМ” на наступны тэрмін была абрана Святлана Мікалаеўна Ваўчок.
Закончылася мерапрыемства святочным канцэртам, які падрыхтавалі работнікі раённага Дома культуры, удзел у ім прыняў таксама Дзмітрый Пазняк, лаўрэат абласнога фестывалю патрыятычнай песні.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара