Праект малабераставіцкіх вучняў – у ліку лепшых у занальным этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”

Актуально Культура Образование Общество

Вучаніцы 11 класа Малабераставіцкай сярэдняй школы Кацярына Чорная  і Валерыя  Лебедзь 10 лістапада прынялі ўдзел у занальным этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Увазе журы быў прадстаўлены праект “Абеліскі на карце Еўропы”.

З мэтаю захавання гістарычнай памяці пошукава-даследчая група вучняў “Памяць” пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Тамары Эйсмант прыняла ўдзел у стварэнні электроннай версіі Кнігі памяці на інтэрнет-партале аб франтавіках, а таксама стварэнні ўласнай электроннай Кнігі Памяці.

На працягу чатырох апошніх гадоў вялася значная работа па пошуку, збору і сістэматызацыі архіўных дакументальных матэрыялаў аб земляках, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Пошукава-даследчая група наладзіла кантакты з удзельнікамі Форумаў пошукавых груп Расіі і Польшчы. Былі выкарыстаны матэрыялы музея школы, сямейныя архівы, вучні сустрэліся з доўгажыхарамі і запісалі іх ўспаміны. У працэсе работы даследаваны ваенны лёс 225 землякоў.

Навізна і каштоўнасць даследавання вызначаецца тым, што яно ўтрымлівае дакладныя архіўныя даныя і факты аб франтавым лёсе землякоў, якія загінулі ў барацьбе з нацысцкімі ворагамі на тэрыторыі Літвы, Усходняй Прусіі, Усходняй Памераніі, Аўстрыі. Упершыню вызначаны непасрэдныя месцы гібелі і пахавання, месцы паўторнага захаранення, знойдзены фотаздымкі і дакументы.

— Прыемна, што наш праект быў адзначаны і накіраваны на абласны этап, — гаворыць Тамара Эйсмант. — Вельмі добра было б, каб у кожным раёне нашай Радзімы была праведзена падобная работа, бо толькі канкрэтнымі справамі можна выхаваць сапраўднага грамадзяніна і патрыёта.

Вольга Антановіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Малабераставіцкай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *