Прадукцыя Бераставіцкай птушкафабрыкі смачная і карысная

Лента новостей

img_7581На вясковым падворку жвавыя белыя або карычневыя куры былі і застаюцца жывапісным яго “атрыбутам” і сапраўдным упрыгожваннем. Яны не патрабуюць столькі кармоў і клопату, як каровы ці свінні, а аддачу даюць не менш важную. Немагчыма ўявіць руплівую вясковую гаспадыню без гэтай дамашняй карыснай птушкі, а нашу беларускую нацыянальную кухню без гарачай смачнай яечні з апетытнымі скваркамі. Які гурман адмовіцца ад яе, духмянай, адразу з патэльні і з сонечнымі “вочкамі” жаўткоў? Яйкі ж – сапраўдная скарбонка пажыўных рэчываў, вітамінаў і мінералаў. Таму і ў вялікіх гарадах, нягледзячы на багаты выбар розных прысмак, такая натуральная і недарагая прадукцыя не страчвае свайго пакупніка. Запатрабаваны яйкі традыцыйна і ў кулінарнай вытворчасці. Без іх немагчыма спячы ні святочны торт, ні звычайныя булкі.
Птушкагадоўля – важная галіна жывёлагадоўлі і сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі. Яна ўмацоўвае харчовую бяспеку краіны і забяспечвае насельніцтва даступнай па цане прадукцыяй, якая ідзе і на экспарт. Важна, што не толькі яйкі, але і мяса птушкі таксама недарагое. Яно каштуе танней, чым свініна, бараніна або ялавічына. Па статыстыцы, на душу насельніцтва ў сярэднім па краіне ў год прыходзіцца каля 24 кілаграмаў кураціны і 350 яек. Птушкагадоўля прадугледжвае інтэнсіўную вытворчасць. Прагрэс таксама ўсклаў свой адбітак на яе, у нас выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі. У гады існавання Савецкага Саюза гаспадыням прыходзілася купляць і гатаваць “старых супавых” курэй, якіх трэба было доўга варыць ці тушыць, а зараз пакупнікам прапануюцца маладыя кураняты, лёгкія ў прыгатаванні. Гэта таксама значна паўплывала на попыт. І хаця пры інтэнсіўных вытворчых тэхналогіях часам прыходзіцца чуць і такое меркаванне, што смак курэй зараз зусім не такі, як у хатніх, здольная гаспадыня з дапамогай натуральных прыпраў, а таксама часнака і цыбулі можа ствараць сапраўдныя кулінарныя цуды. Апетытны атрымліваецца і шашлык з бройлерных куранят.
А на Бераставіцкай птушкафабрыцы традыцыйна некаторыя запасы яек бываюць толькі летам, калі добра нясуцца куры ў вяскоўцаў. У астатні час натуральная і папулярная прадукцыя карыстаецца трывалым попытам. Сапраўды, нават дыетолагі раяць узбагачаць сваё харчаванне бялковай ежай, а з яек бялок добра засвойваецца і дае энергію.
— Смачна, карысна, нядорага, — “у адзін голас” гавораць бераставіцкія вытворцы пра сваю прадукцыю.
Па словах выконваючага абавязкі дырэктара Бераставіцкай птушкафабрыкі Міхаіла Груздзева, за 8 месяцаў гэтага года тут атрымалі 24422 тысячы штук яек. У параўнанні з такім жа перыядам мінулага года важкі “плюс” склаў 215 тысяч яек. Парадаваў і экспарт. У Расійскую Федэрацыю (у Маскоўскую вобласць, Смаленск, Курск, Санкт — Пецярбург) прадалі 3873 тысячы яек. Такія лічбы сведчаць, што прадукцыя айчыннай птушкагадоўлі запатрабаваная. А чысты прыбытак за 7 месяцаў на птушкафабрыцы дасягнуў 125 тысяч рублёў. Гэта значна больш, чым за такі ж леташні перыяд. Гэтаму паспрыяла ў многім і зніжэнне выдаткаў, пашырэнне рынкаў збыту і павелічэнне аб’ёмаў продажу.
А магазін птушкафабрыкі вельмі папулярны ў райцэнтры. Тут заўсёды ажыўлена, ёсць свае пастаянныя наведвальнікі. Любая гаспадыня будзе задаволена выбарам – яйкі тут ёсць і белыя, і карычневыя, да таго ж рознага памеру і па рознай цане. Нават даводзілася чуць такую карысную параду ад адной шматдзетнай мамы:
— А я бяру больш дробныя яйкі, яны таннейшыя, і ў мяне на патэльню ідуць па два замест аднаго. А смак у іх аднолькавы, што у вялікіх, што ў малых.
Развівацца далей, калі ўсё даражэе, і ва ўмовах сённяшняй немалой канкурэнцыі нашым вытворцам, безумоўна, нялёгка. Прадуманае гаспадаранне, зніжэнне выдаткаў застаюцца ў полі зроку нашых землякоў.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *