Прадукцыя Бераставіцкай птушкафабрыкі заўсёды будзе запатрабаваная

Лента новостей

Калі прыходзіць час “заціскаць паясы”, а прыходзіць ён звычайна не толькі з імклівым ростам цэн, але яшчэ і, напрыклад, пасля чарговага водпуску, калі атрыманыя грошы ўжо размеркаваны і расходаваны, апрача той неабходнай і “сціплай” сумы “на хлеб надзённы”, каб дажыць да новай зарплаты, думаецца, што не толькі я, але і многія людзі міжволі ўспамінаюць пра ежу простую і карысную. І годна выйсці са становішча, зразумела, нам дапамагаюць яйкі. Да спадобы яны і вяскоўцам, і гараджанам, і дарослым, і дзецям. Гатаваць іх хутка, і карысць не меншая, а нават значна большая, чым ад варанай каўбасы з нявызначаным працэнтам мяса і хімічнымі дабаўкамі. Яйкі – прадукт поўнасцю натуральны, а таму вельмі карысны. Ды і па цане яны даступныя. У параўнанні з тымі прадуктамі, кошт на якія вырас у два-тры разы, напрыклад, на марскую рыбу, людзям яны “па кішэні”. Купляюць іх ахвотна, асабліва ў гарадах.

Таму калі мне давялося пачуць, што Бераставіцкая птушкафабрыка нясе страты, дык я ў гэтым засумнявалася, памятаючы, якія сродкі былі ўкладзены ў сучасную мадэрнізацыю вытворчасці і ведаючы, што людзі тут стараліся нават зарабіць валюту, шукаючы партнёраў за мяжой, што ім удавалася. Раён наш моцны, і калектыў птушкафабрыкі стараецца ісці ў нагу з часам. Адзінае, на маю думку, што магло перашкодзіць чаканым вынікам работы ў апошнія месяцы, — падаражанне энерганосьбітаў або яшчэ чаго-небудзь іншага, што прыходзіцца купляць, але і на такі выпадак у добрых гаспадароў існуе нейкі рэзерв. Пабываўшы на птушкафабрыцы, каб даведацца пра аб’ектыўную карціну, мне давялося пачуць шмат цікавага.
Аказваецца, страты на самай справе ёсць. Толькі гэта зусім не так страшна, як здаецца, пачуўшы само такое “непрыемнае” з негатыўным сэнсам слова. У рэспубліцы ёсць нямала арганізацый, дзе справы абстаяць значна горш, і ім пагражае банкруцтва. Выдаткі ж, недаатрыманне грошай — звычайная прыкмета развіцця вытворчасці, з’ява часовая. На гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны, а не таму, што людзі дрэнна працавалі.
За 5 месяцаў гэтага года ад рэалізацыі прадукцыі сапраўды атрыманы страты ў 197 мільёнаў рублёў, у тым ліку ад рэалізацыі яек 132 і ад рэалізацыі мяса птушкі і іншай прадукцыі 65. Галоўная прычына гэтаму – павелічэнне і перавышэнне сабекошту асноўнай прадукцыі ў параўнанні з аб’ёмам выручкі, таму што камерцыйны (поўны) сабекошт дзясятка яек склаў 2569 рублёў, у тым ліку 75,8 рубля – выдаткі па змене непрадуктыўнага пага-лоўя, а таксама скарачэнне вы-творчасці праз скарачэнне прадуктыўнасці птушкі на 13,6%. У выніку недаатрымана 1,5 мільёна штук яек, што пацягнула за сабой 214 рублёў у структуры сабекошту дзясятка яек.
Рост сабекошту асноўнай прадукцыі растлумачваецца ростам цэн на сыравіну пры прыгатаванні камбікорму і энерганосьбіты. Аказвае пэўны ўплыў і сезоннае зніжэнне попыту на яйкі.
Затое на птушкафабрыцы прыняты важныя крокі па скарачэнні выдаткаў на ўзнаўленне птушкі. Два цэхі курэй, якія выйшлі ўжо з прадуктыўнага ўзросту, зменены. Яны прададзены на зарэз і часткова насельніцтву. Дарэчы, куплялі іх людзі ахвотна – гэта куры заходняй пароды. А маладняк для двух цэхаў у такой колькасці набыць было б вельмі дорага, таму было прынята прадуманае і эканамічна выгаднае рашэнне купіць куранят сутачнага ўзросту і вырасціць іх на месцы. Адзін цэх заселены – курачкі ўжо выраслі. А 12 ліпеня плануюць купіць яшчэ 40 тысяч куранят. Да кастрычніка яны вырастуць і будуць несці яйкі. Калі знайсці пакупніка — яшчэ якую — небудзь птушкафабрыку, можна было б да канца года вырасціць трэцюю партыю куранят і выгадна іх прадаць.
У верасні – снежні чакаецца павелічэнне адпускных цэн на прадукцыю і страты пакрыюцца. А справа зроблена вялікая – маленькіх сутачных куранят на Бераставіцкай птушкафабрыцы ў гэтым годзе сталі купляць і вырошчваць упершыню. Дзякуючы гэтаму выдаткі па змене пагалоўя зніжаны ў два разы.
Рамонтны маладняк на птушкафабрыцы вырошчваць навучыліся. Хаця камбікармы для гэтага прыходзіцца купляць, бо гатаваць іх для куранят такога ўзросту складана, усё ж сэканомлены добрыя грошы.
Змена курэй цэлымі цэхамі – гэта спецыфіка тэхналагічнага працэсу ў птушкагадоўлі. У жывёлагадоўлі цэлы статак кароў адразу не мяняюць, выбракоўка там вядзецца па-іншаму.
Зразумела, час зараз няпросты, трымацца “на плаву” вытворцам нялёгка.
Але ёсць у калектыву птушкафабрыкі і мара. Калі б яшчэ было магчыма купіць і ўстанавіць у сябе інкубатар, дык увесь вытворчы цыкл “закальцаваўся б” на месцы. А гэта значыць, і грошы заставаліся б – не трэба было б іх плаціць іншым вытворцам.
На здымку: птушкаводы Ала Баярчук і Жанна Сідаркевіч, слесар Іван Руды і брыгадзір па птушкагадоўлі Людміла Сяледчык.

Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *