8-9 снежня ў Мінску праходзіць 41 З’езд грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” – самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны, якая налічвае ў сваіх радах больш за 480 тысяч юнакоў і дзяўчат. З’езд з’яўляецца вышэйшым органам арганізацыі і праводзіцца раз у тры гады. Улічваючы тое, што БРСМ працягвае традыцыі камсамола, нумарацыя з’ездаў захавана з камсамольскіх часоў.
А 6 снежня ў Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце прайшла сустрэча кіраўніцтва аблвыканкама з дэлегатамі Гродзеншчыны на з’езд маладзёжнага саюза.
108 дэлегатаў ад абласной арганізацыі БРСМ напярэдадні з’езду яшчэ раз абмеркавалі вынікі работы арганізацыі за мінулыя тры гады і перспектыўныя накірункі дзейнасці. З асаблівым гонарам першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Юрый Аляксей гаварыў пра інавацыйны праект Гродзеншчыны па пераходу арганізацыі на самафінансаванне – стварэнне маладзёжнага мнагапрофільнага цэнтра ў Гродне, адкрыццё якога плануецца ўжо гэтай вясной.
Звяртаючыся да дэлегатаў з’езду, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Павел Скрабко падкрэсліў, што абласная арганізацыя БРСМ з’яўляецца надзейным памочнікам абласнога выканаўчага камітэта ў арганізацыі і правядзенні шматлікіх мерапрыемстваў з моладдзю і своеасаблівай кузняй кадраў у дзяржаўныя органы.
Дэлегаты атрымалі наказ плённа папрацаваць на з’ездзе і дастойна прадставіць сваю вобласць.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі маладыя людзі наведалі музей воінаў –інтэрнацыяналістаў у Старым замку і адправіліся на экскурсію ў агратурыстычны комплекс “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”.
На сустрэчы з кіраўніцтвам аблвыканкама прысутнічала і дэлегацыя з нашага раёна. Права прадставіць бераставіцкую моладзь на 41 З’ездзе ГА “БРСМ” атрымалі Аляксей Кудлаш, галоўны эканаміст СВК “Макараўцы”, Святлана Ваўчок, першы сакратар раённага камітэта БРСМ і Таццяна Жлабовіч, старшы майстар-тэхнолаг філіяла ААТ “Малочны Мір” “Бераставіцкі масласырзавод”.
Ірына МІКЛАШ