Прадпрымальніцтву – зялёнае святло

Лента новостей

Час на месцы не стаіць, мяняюцца і звычкі людзей. І калі яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму, а то і менш, кансерваваныя агуркі і памідоры з трохлітровага слоіка лічыліся сапраўдным упрыгожаннем святочнага стала, дык сёння гэта ўжо амаль што дрэнны тон у сервіроўцы. На месца ім прыходзяць прыгожыя свежыя агуркі, памідоры, перцы, можа і не вельмі моцна карысныя з пункту гледжання ўтрымання ў іх вітамінаў, але, што не кажы – аптычны выгляд робіць сваю справу. Мабыць, не кожнага, але мяне, асабіста, заўсёды прываблівае прыгажосць прылаўкаў гандлёвых кропак, якія ломяцца ад разнастайнай садавіны і агародніны, тым больш цяпер, у зімовы перыяд.

Кожны жыхар Вялікай Бераставіцы, каб набыць свежую агародніну ці садавіну, найчасцей ідзе на наш рынак, а, дакладней, у той невялікі будынак, абкладзены белай цэглай, што знаходзіцца зусім побач. Тут з некаторага часу гандлёвую плошчу разам з райспажыўтаварысцкай кропкай дзеляць індывідуальныя прадпрымальнікі. І калі першую не так часта радуюць сваім візітам пакупнікі, дык у трох астатніх вельмі часта бывае мнагалюдна. Асаблівы ажыятаж назіраўся напярэдадні навагодніх святаў. Кожны хацеў упрыгожыць свой стол як мага лепш. А тут, калі ласка, нават свежы духмяны кроп з пятрушкай можна было прыдбаць, не гаворачы ўжо пра самыя разнастайныя экзатычныя і мясцовага паходжання таксама вітамінныя «прыгажосці».
–Каб найбольш задаволіць патрэбы пакупнікоў,–кажа адзін з прадпрымальнікаў,–тавар адбіраю і прывожу сам. – Інакш могуць даставіць зусім не тое, што патрэбна людзям.
Улічваючы свой пакупніцкі вопыт і меркаванні іншых, хачу заўважыць, што найчасцей гэта ім удаецца. Таму і імкнуцца людзі туды. Пытанні ветлівага абслугоўвання пакупнікоў адпадаюць самі па сабе: хто захоча сам сабе нашкодзіць? А гібкая сістэма цэнаўтварэння? Ніхто не дадумваецца там прапаноўваць па аднолькавай цане, напрыклад, тыя ж самыя памідоры лепшай і горшай якасці, што нярэдка, на жаль, здараецца ў нашым кааператыўным або дзяржаўным гандлі. Нядаўна ў Ваўкавыску давялося назіраць, як прыватнік прадаваў моркву, падзяліўшы яе папярэдне на тры катэгорыі. І на кожную з іх знаходзіўся свой пакупнік.
Можа, канешне, “глыбінка” дае пра сябе знаць, але не вельмі ахвотна хочуць людзі расказваць пра свае здабыткі і праблемы. Нейкая запалоханасць адчуваецца, здалося мне. Менавіта для таго, каб ліквідаваць некаторыя “вузкія” месцы ў сферы прадпрымальніцтва, якраз і была падпісана Прэзідэнтам краіны ў апошні дзень адышоўшага года Дырэктыва №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”. Дырэктыва ўтрымлівае дзевяць раздзелаў, кожны з якіх накіраваны на ліквідаванне тых бар’ераў, з якімі сутыкаюцца суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці. Кожны з гэтых раздзелаў — гэта своеасаблівая праграма дзеянняў, або, дакладней, узаемаадносін дзяржаўных структур з індывідуаламі. Тым болей, што на бліжэйшыя пяць гадоў пастаўлена задача, каб больш за 50 працэнтаў унутрывалавага прадукту даваў прыватны сектар. Прадпрымальніцтву адводзіцца важная роля і ва ўкараненні інавацыйных тэхналогій, засваенні новых відаў вытворчасці.
Вельмі пазітыўна ацанілі мае субяседнікі падпісанне гэтай Дырэктывы.
–Калі ўсё, што намечана ў дакуменце,- кажа Маргарыта Фёдарава,- ажыццявіцца на практыцы, прадпрымальніцтва сапраўды зможа падняцца на якасна новую прыступку.
Сяргей ХІЛЮТА,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *