Чарговая прэс-канферэнцыя журналістаў цэнтральных, абласных і раённых СМІ са старшынёй аблвыканкама С. Б. Шапірам адбылася ў мінулую сераду ў г.Ліда. Папярэднічала ж ёй знаёмства журналістаў з некаторымі найбольш цікавымі прамысловымі прадпрыемствамі і аб’етамі сацыяльнай сферы гэтага горада.
Першым аб’ектам, які наведалі прадстаўнікі СМІ, было ЗАТ “Каскад”. Гэта ўнікальнае прадпрыемства, якое не мае аналагаў на тэрыторыі СНД, ды і ў Еўропе ў яго нямнога канкурэнтаў. Выпускаюць на ЗАТ “Каскад” эксклюзіўную светлатэхніку. Тыя, хто наведваў адрэстаўрыраваны Нацыянальны тэатр оперы і балета ў Мінску і захапляўся веліччу і прыгажосцю яго ўбранства, шматлікімі арыгінальнымі люстрамі і свяцільнікамі, асабліва – галоўнай люстрай, магчыма, нават і не здагадваліся, што гэта – вырабы, якія зроблены не за мяжой, а ў нас, на Лідскім прадпрыемстве “Каскад”. Прыгожыя вырабы гэтага прадпрыемства ўпрыгожваюць таксама будынак сталічнага цырка, падземны гандлёвы цэнтр “Сталіца”, галоўную залу Нацыянальнай бібліятэкі – і сотні іншых будынкаў у Беларусі, Расіі і краінах СНД. Зараз на ЗАТ “Каскад” працуюць над заказам – свяцільнікамі, таршэрамі, кандэлябрамі для Нясвіжскага палацавага комплексу, кожны з якіх – без перабольшвання – твор мастацтва. У час экскурсіі журналісты мелі магчымасць пабачыць увесь працэс іх стварэння: ад эскізаў, вырабу з пластыліну скульптур, стварэння спецыяльных форм, ліцця дэталяў, шліфоўкі і далейшай апрацоўкі іх– да зборкі, упакоўкі і ззяння гатовай прадукцыі. І хоць праца вельмі карпатлівая, але і прыгажосць неапісальная! А пачыналася ўсё з таго, што некалькі інжынераў-энтузіястаў з Лідскага прадпрыемства “Оптыка” дзесяць гадоў таму захацелі стварыць уласнае прадпрыемства па выпуску светлатэхнікі – вырашылі, што і ў нашай краіне можна рабіць люстры не горшыя, чым знакамітыя чэшскія. Пачыналі сваю дзейнасць на месцы некалькіх напаўразбураных будынкаў і банкаўскіх крэдытаў пад высокія працэнты… Сеня ж гэта высокатэхналагічнае прадпрыемства з самым сучасным абсталяваннем вядучых сусветных вытворцаў, дзе працуе 180 чалавек, усе працэсы механізаваны – і кожны год у развіццё вытворчасці ўкладваецца каля мільёна долараў. Але, як адзначыў кіраўнік ЗАТ “Каскад” І.І.Ус, самым цяжкім было не арганізаваць гэтую ўнікальную вы-творчасць, высокатэхналагічныя працэсы, а пераламаць псіхалогію людзей, навучыць іх працаваць па-новаму, па-еўрапейску.
Затым удзельнікі мера-прыемства пабывалі на адным з вядучых прадпрыемстваў айчыннага машынабудавання – заводзе “Лідсельмаш”. Тут іх увазе была прадстаўлена яго прадукцыя: сеялкі, прэс-падборшчыкі, успушвальнікі і іншая тэхніка, якую журналісты прывыклі бачыць на палях. Таксама ў іх была магчымасць пазнаёміцца з працэсам яе стварэння.
Вялікае ўражанне ва ўсіх засталося ад наведвання адкрытага летась да свята рэспубліканскіх “Дажынак” другога ў вобласці лядовага палаца. Уражвалі і вызывалі цікавасць і трэніроўкі юных хакеістаў на матавым лёдзе, які нагадваў хутчэй пластык, чым лёд, і трэнажорны і фітнэс-залы, і басейн ды саўна. Большасць журналістаў з зайздрасцю глядзела на гэту прыгажосць. У многіх закранулася думка: вось каб і ў нашым горадзе быў такі… Вось была б радасць і для дзяцей, і для дарослых.
А ў раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйных культур наведвальнікі, не толькі, што называецца, адагрэліся душой, але і шчыра парадаваліся за лідчан. Да “Дажынак” ім зрабілі шыкоўны падарунак – перадалі для Дома рамёстваў адрэстаўрыраваны колішні кінатэатр, дзе яны змаглі адкрыць і невялікую краму па продажы сувенірнай прадукцыі, вырабленай сваімі рукамі, і кафэ, дзе частуюць нацыянальнымі стравамі – усё тое, што хацелася б мець у кожным раённым цэнтры. Працуюць тут цудоўныя, апантаныя сваёй справай людзі, якія бачаць сваёй асноўнай задачай не толькі захаванне і зберажэнне народнай спадчыны, але і развіццё яе. За невялікую плату не толькі дзеці, але і дарослыя могуць тут запісацца ў розныя гурткі і навучыцца традыцыйным народным рамёствам – ганчарнай справе, ткацтву, саломапляценню, вышыўцы, мадэліраванню адзення і многаму іншаму. А яшчэ–паўдзельнічаць у народных святах, якія–неад’емная частка рамёстваў, паглядзець батлейку і цікавыя тэатральныя пастаноўкі – і самім у іх паўдзельнічаць.
Размова з губернатарам
Пасля знаёмства з найбольш цікавымі прадпрыемствамі і сацыяльна-культурнымі ўстановамі Ліды ў канферэнц-зале аддзялення Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя з губернатарам, якая доўжылася каля дзвюх гадзін.
Пачалася яна з самай актуальнай на сённяшні дзень тэмы –пасяўной. Сямён Барысавіч расказаў журналістам пра нараду ў кіраўніка дзяржавы, якая прайшла напярэдадні, і аб тым, што такая ж неўзабаве адбудзецца і ў аблвыканкаме – з тым, каб мабілізаваць усе сілы для правя-дзення пасяўной – як найбольш працаёмкай і фінансаваёмістай кампаніі. Правесці яе патрэбна максімум за месяц, бо навукай даказана: чым большы тэрмін вегетацыі расліны, тым большы яна дае ўра-джай. А на Гродзеншчыне сёння ёсць усе падставы разлічваць на атрыманне двух мільёнаў тон збожжа – гэта рэальная задача, і для яе вырашэння створаны ўсе ўмовы. Угнаенняў, па словах губернатара, сёлета назапашана ў 2,5 раза больш, чым было летась. Таксама вырашаецца пытанне з дызельным палівам. Завяршаецца рамонт тэхнікі. На час пасяўной 500 трактароў, пагрузчыкаў і 400 механізатараў з гарадоў будуць накіраваны на вёску для аказання аграрыям дапамогі ў правя-дзенні пасяўной.
У час размовы пра сельскую гаспадарку, С.Б.Шапіра ў чарговы раз закрануў тэму мадэрнізацыі ферм – па яго словах, пакуль што ў вобласці толькі трэць іх адпавядае сучасным патрабаванням. Для мадэрнізацыі астатніх трэба браць банкаўскія крэдыты – і рабіць гэта неабходна, клапоцячыся пра будучыню, думаючы на перспектыву.
Асаблівая ўвага на прэс-канферэнцыі была нададзена тэме развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы. Сямён Барысавіч падкрэсліў, што разбудзіць актыўнасць людзей сёння яшчэ больш важна, чым дабіцца нейкіх канкрэтных паказчыкаў у тым ці іншым накірунку. Для гэтага ў вобласці створаны цэнтр развіцця прадпрымальніцтва з мэтай аказання канкрэтнай дапамогі актыўным і дзелавым людзям, якія маюць цікавыя ідэі, але не маюць сродкаў для іх ажыццяўлення. У Цэнтр могуць звярнуцца не толькі жыхары Гродна, але і вобласці, і, прадставіўшы бізнес-праект і іншыя неабходныя дакументы, атрымаць крэдыт на льготных умовах.
У чарговы раз была закранута на прэс-канферэнцыі тэма добраўпарадкавання гарадоў і вёсак вобласці. Ішла размова і пра прыцягненне інвестыцый – С.Б.Шапіра адзначыў, што справа гэтая вельмі няпростая, але неабходная. Закраналіся тэмы развіцця спорту, захавання і адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны, у прыватнасці, каралеўскага палаца ў Гродне, магчымасці будаўніцтва медыя-цэнтра ў Лідзе і інш.
У размове з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі губернатар быў шчыры і адкрыты, пастараўся адказаць на ўсе пытанні і акрэсліў у размове найбольш важныя тэмы жыцця вобласці.
Зінаіда Самкова