Я думаю, што не памылюся, калі скажу, што Мар’яна Баера ў Вялікай Бераставіцы ведаюць практычна ўсе. Нягледзячы на паважаны ўзрост (яму ўжо за 80), энергіі і запалу ў пана Мар’яна больш чым у многіх маладых. Заўсёды добразычлівы, з прыязнай усмешкай, нязменны руплівы працаўнік парафіяльнага касцёла ў Вялікай Бераставіцы, без яго ўдзелу ў арганізацыі не абыходзіцца, бадай, ніводная касцельная ўрачыстасць ці свята, ды і ў кожную нядзелю ён старанна служыць ля алтара. І заўсёды пры ім яго жонка Вяслава, з якой разам яны ўжо 56 гадоў.
Сям’я Баераў – з даўнімі польскімі каранямі. Ад дзядоў — прадзедаў усе іх родзічы былі палякамі, хоць і жылі на беларускай зямлі.
Вяслава нарадзілася і вырасла ў Гродне, там і цяпер жывуць усе яе сваякі. А сям’я Мар’яна Баера заўсёды жыла на Бераставіччыне, праўда, частка сваякоў па мацярынскай лініі выехала ў 1955-56 гадах у Польшчу. І цяпер у Лодзі, Варшаве, Міхайлове Баеры чаканыя госці.
Але і тут, на Беларусі, яны захоўваюць частачку Польшчы: дома гучыць польская мова, зберагаюцца каталіцкія абрады і традыцыі.
Мову ведаюць добра, бо пачыналі сваю адукацыю і Мар’ян, і Вяслава ў польскіх школах. А яшчэ з вялікай удзячнасцю ўспамінае пан Мар’ян сваю настаўніцу Яніну Малыніч, якая ў час вайны на кватэрах вучыла дзяцей — па сваёй ініцыятыве, бясплатна, хаваючыся ад немцаў.
Пасля заканчэння медвучы-лішча Вяслава прыехала на працу акушэркай у Вялікую Бераставіцу, тут пазнаёмілася з Мар’янам, у 1956 годзе яны пажаніліся, выгадавалі дваіх дзяцей, ужо выраслі і трое ўнукаў.
Усе яны ведаюць польскую мову, прычым, падкрэслівае пані Вяслава, ніхто іх спецыяльна не вучыў, усё адбывалася натуральна, як само сабой зразумелае. Размаўлялі дома, глядзелі польскія каналы па тэлевізары, чыталі польскія кнігі і часопісы, якія заўсёды былі дома, у касцёле маліліся па-польску.
Старэйшы ўнук нават навучыўся чытаць на польскай мове яшчэ да таго, як пайшоў у школу.
На канікулах унукі заўсёды былі ў бабулі, і яна пастаянна вадзіла іх у касцёл. Бо рэлігійнаму выхаванню ў сям’і Баераў заўсёды надавалася і надаецца асаблівая ўвага.
Колькі сябе памятае пан Мар’ян, ён заўсёды быў пры касцёле. Яшчэ маленькім хлопчыкам, калі маці прыводзіла яго ў касцёл, пані Грабіна Касакоў-ская брала яго за ручку і вадзіла за сабой. А з 14 гадоў стаў паўнапраўным захрысціянам, працаваў пры касцёле аж да яго закрыцця. У 1989 годзе, калі касцёл вярнулі вернікам, Мар’ян Баер разам са старшынёй касцельнага камітэта Чаславам Амельянчыкам першымі адчынілі дзверы касцёла і пачалі яго адбудову.
Частка касцельных рэчаў пры закрыцці была перададзена ў касцёлы ў Гродне, Вялікіх Эйсмантах, і пан Мар’ян ездзіў іх потым збіраць. Ведаючы кожную харугву, кожны алтарык, ён усё вярнуў у касцёл.
Ва ўсе часы Баеры цвёрда трымаліся Бога і веры. Нават тады, калі забаранялі ісці ў касцёл, калі ён быў закрыты ў Бераставіцы, шукалі магчымасць з’ездзіць у Гродна, Ваўкавыск, Мсцібава, Індуру, Макараўцы. Павянчаліся самі, пахрысцілі дзяцей, давялі іх да Першай Камуніі.
Працуючы інжынерам на масласырзаводзе, Мар’ян не раз атрымліваў прапанову ўступіць у партыю, але ён прама сказаў: “Я веру ў Бога, а ў статуце партыі напісана, што Бога няма, як мне гэта сумясціць?” Пытанняў па працы да яго не было, таму кіраўніцтва асабліва не настойвала.
Пастаянна займаліся Баеры і грамадскай дзейнасцю ў Саюзе палякаў на Беларусі. У 1992 – 1998 гадах Вяслава Баер узначальвала яго Бераставіцкае раённае аддзяленне. У той час актыўна працавалі факультатывы па польскай мове ў Вялікабераставіцкай школе і дзіцячым садзе, арганізоўваліся выступленні польскіх ансамбляў у раёне, на летнія канікулы дзяцей з польскіх сем’яў адпраўлялі на адпачынак у Польшчу, праз Саюз палякаў на Беларусі жадаючыя маладыя людзі маглі ехаць і на вучобу ў Польшчу. Шмат яшчэ якіх добрых спраў было зроблена ў той час для беларускіх палякаў.
Цяпер Вяслава і Мар’ян Баеры радуюцца поспехам сваіх дзяцей і ўнукаў, з нецярпеннем чакаюць іх прыезду. А маладое пакаленне сям’і вельмі ўдзячна ім за прывітую з дзяцінства духоўнасць, вернасць традыцыям і нацыянальную годнасць.
Ірына МІКЛАШ