Першы ўкос траў ідзе ў СВК “Пархімаўцы

Лента новостей

Падкормка жывёлы зялёнай масай і першы ўкос траў – галоўнае зараз, на што звяртаюць увагу ва ўсіх сельгаскааператывах раёна. Усюды да гэтага віду работ добра падрыхтаваліся. Хочацца спадзявацца, што і надвор’е не падвядзе. Па словах старшыні СВК “Пархімаўцы Уладзіміра Анішчыка, 810 галоў дойнага статку ў СВК “Пархімаўцы” пераведзены на аднатыпнае круглагадовае кармленне, што павялічыла сярэднясутачны надой кароў без пяршачак да 18 кілаграмаў. Гэта на паўтара кілаграмы больш, чым за такі ж час мінулага года. Буйной рагатай жывёле на адкорме даецца зялёная маса. Для далейшага развіцця жывёлагадоўлі неабходны добрыя кармы. У гэтай гаспадарцы павялічылі плошчы пад кукурузу на сілас і на зерне адпаведна на 15 і 34 гектары. Яўген Сухоцкі галоўны аграном з багатым вопытам работы, вельмі хваліць гэтую культуру. Яна, сапраўды, незаменная і каштоўная для жывёлагадоўлі – сапраўдная крыніца энергіі. Вядомы многім Мікіта Хрушчоў некалі не памыліўся, калі прадказваў ёй вялікае будучае. Ды і клімат зараз значна пацяплеў, і “каралева палёў” стала расці значна лепш. Сена ў гэтым годзе ў СВК “Пархімаўцы” будуць нарыхтоўваць на 150 гектарах, сянаж на 850. Для сена прадугледжаны злакавыя травы, на сянаж ідуць люцэрна і канюшына. Ёсць тут сучасная тэхніка – прэс-падборшчык і абмотчык рулонаў. Сянаж у рулонах захоўваецца добра. У гаспадарцы пастараюцца прыкласці ўсе намаганні, каб кармоў нарыхтаваць дастаткова і добрай якасці. Усе работы трэба правесці ў аптымальны тэрмін. Менавіта ў гэтым залог будучых поспехаў у жывёлагадоўлі. У СВК “Пархімаўцы” шмат адказных механізатараў. Уладзімір Ваўчок неаднаразова паказваў сябе з самага лепшага боку на жніве, зараз падкошвае травы на падкормку жывёле. Сяргей Бычкоўскі ўжо 22 гады працуе ў гэтай гаспадарцы. Работай яго ў сельгаскааператыве задаволены. На здымку: Уладзімір Ваўчок і Сяргей Бычкоўскі. Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *