На гэтым тыдні мне давялося там пабываць, калі магутныя камбайны ехалі з убраных хлебных ніў, а камбайнеры шчыра радаваліся паспяховаму завяршэнню напружанай працы.
Родныя браты Аляксандр і Валянцін Данільчыкі шчыравалі на жніве на сваім “КЗС-10”, іх зладжаны сямейны экіпаж паказаў сябе з самага лепшага боку. Уборка збожжавых і зернебабовых закончана ў аграфірме ў аптымальны тэрмін.
– Жніво на Бераставіччыне набліжаецца да свайго завяршэння, – гаворыць начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Аляксандр Курыла. — На 11 жніўня ў раёне ўбрана 87 працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых ад запланаванага. У аграфірме “Стары Дворац” пастараліся, па тэмпах уборкі выйшлі ў лідары на жніве. Валавы збор збожжа без дапрацоўкі сёлета ў іх склаў 3756 тон, у мінулым годзе было 6606 тон. Свой уплыў на ўраджай аказалі неспрыяльныя ўмовы надвор’я, у прыватнасці тое, што не было дажджоў і панавала спёка, пакуль наліваўся колас. Дажджы пайшлі пазней, калі калоссе ўжо сфарміравалася. Некалькі меншыя сёлета былі ў аграфірме і плошчы, на якіх ішло жніво збожжавых, бо часткова пасевы там былі ўбраны на зернесянаж. Кампенсаваць недабор збожжа плануюць у аграфірме намалотам кукурузы, пад якую адведзена 202 гектары. Каралева палёў апраўдвае сябе, віды на ўраджай гэтай сельгаскультуры добрыя.
Ніна Наддэ, фота аўтара