Перспектывы экалагічнага земляробства

Лента новостей

sokhranenie-ekologiiПамятаю, як з вялікім натхненнем па прыкладу многіх знаёмых завяла некалі агарод. На ніколі не чапанай балотнай зямлі, дзе я некалькі дзён клапатліва вытрасала дзёран, каб не страціць каштоўную, прыгожага чорнага колеру глебу, затым пасадзілі кроп, пятрушку, моркву, буракі і нават рэпку. З’явіўся занятак, які прыносіў задавальненне. І палоць парасткі, і паліваць іх было ў радасць. Ураджай у першы год быў на дзіва, і ўсё вельмі смачнае, бо абсалютна экалагічнае, без “хіміі.” На другі год буракі і морква былі ўжо крышачку меншыя, потым яшчэ больш дробныя. А яшчэ праз год расліны высмакталі з глебы ўсе сокі і спажыўныя рэчывы, так што нават кроп стаў расці карлікавы. На тым мая спроба чыстага экалагічнага земляробства і закончылася, зноў вытрасаць балотны дзёран на іншым участку не хацелася, а другіх варыянтаў папросту не было. На тым прыйшлося супакоіцца і суцяшаць сябе тым, што агародніна, хаця і вырашчаная з дапамогай “хіміі”, недарагая, а “на нітраты” правяраецца.
У сродках масавай інфармацыі мы ўсё часцей чытаем пра тое, што ў арганічнага або экалагічнага земляробства вялікае будучае. У заходніх краінах у магазінах ёсць спецыяльныя аддзелы, дзе прадаюцца такія прадукты, вырашчаныя без дапамогі “хіміі”. Вядома, яны і значна даражэйшыя, але пакупнікі на іх знаходзяцца. Прадаецца там і малако ад кароў, якія вольна пасвяцца на альпійскіх лугах, а таксама яйкі ад “шчаслівых курэй”, якія таксама ведаюць “смак волі”.
У свеце прыкладна 10 працэнтаў земляробства вядзецца без прымянення хімікатаў. Ураджаі атрымліваюць за кошт заворвання бабовых культур, выкарыстання арганічных угнаенняў і кампосту, пажніўных рэшткаў, сідэратаў.
У нашай краіне экалагічна чыстая прадукцыя таксама запатрабаваная. Напрыклад, яна вельмі карысная дзецям і дарослым, якія пакутуюць на алергію, цяжарным жанчынам. У Мінску ўжо ёсць гандляры, якія праз Інтэрнэт прапануюць прывозіць пакупнікам такую прадукцыю ад вяскоўцаў і некаторых фермераў. Ёсць падобная ніша для вытворцаў і гандляроў і па краіне.
А вось што сказаў пра гэта начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Курыла:
— Вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі, безумоўна, перспектыўная справа. Калі гэтым зоймецца фермер, пажадана, каб у яго была агранамічная адукацыя, тады ён будзе займацца гэтым больш прафесійна. А каб у будучым выгадна прадаваць агародніну, вырашчаную без “хіміі”, неабходна будзе надаць сур’ёзную ўвагу рэкламе. Стаўка ў такіх вытворцаў будзе на цану прадукцыі, а не на аб’ёмы. Перспектыва ў арганічнага земляробства, безумоўна, ёсць. Сельгаскааператывы і фермеры на Бераставіччыне зараз не займаюцца экалагічным земляробствам з-за яго працаёмкасці, усе выкарыстоўваюць мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін, бо прадукцыю вырошчваюць у значных вытворчых аб’ёмах. Вялікую колькасць прадукцыі атрымаць інакш вельмі цяжка. Напрыклад, цяжкасці выклікае ручная праполка. Нават на прысядзібным участку нялёгка справіцца з пустазеллем. Ранейшая ручная праполка механічным спосабам буракоў у гаспадарках адышла ў нябыт. Цяжка ўявіць, што нехта да гэтага вернецца. На першы погляд здаецца, што некаторыя расліны вырошчваць лягчэй, напрыклад, чорныя парэчкі. Аднак і пры гэтым прымяняюцца наступныя аграпрыёмы: праполка пасадак, апрацоўка ад захворванняў, падкормка ў пачатку вегетацыі. Тым не менш для прадпрымальных людзей у перспектыве экалагічнае земляробства – добрая ніша, у такой прадукцыі будзе свой адданы пакупнік.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *