Перадавікі жніва

Лента новостей

IMG_6996На варце харчовай бяспекі краіны стаяць нашы аграрыі. Нягле­дзячы на тое, што надвор’е ў гэтым годзе не спрыяе ўборачнаму канвееру, руплівыя земляробы Бераставіччыны прыкладваюць усе намаганні, каб наблізіць доўгачаканы фінал жніва.
А пятага жніўня адбылося ўшанаванне перадавікоў чарговага этапу раённага спаборніцтва, у ліку якіх і старанны малады вадзіцель з СВК “Пархімаўцы” Андрэй Навасад. У перыяд з 28 ліпеня па 4 жніўня ён перавёз на сваёй машыне “МАЗ” ад камбайнаў 334 тоны збожжа. Павіншавалі яго з працоўнай перамогай прама ў полі, уручылі Грамату ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчаванням і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, каштоўны падарунак і памятны сцяжок.
– Лёгкіх відаў работ у сельскай гаспадарцы няма, – адзначае малады вадзіцель, які на працягу года возіць у гэтым сельгаскааператыве самыя розныя грузы. – Але жніво напружанае яшчэ і тым, што і камбайнер, і вадзіцель залежаць у гарачую пару адзін ад аднаго, звязаны разам, як звёны аднаго ланцужка. Таму стараемся працаваць без затрымак, пакуль надвор’е нам дазваляе гэта рабіць.
Хлебныя нівы аддаюць сваё багацце, жніўны “куфар” Бераставіччыны цяжэе…
Ніна Наддэ, фота аўтара
На здымку: вадзіцеля СВК “Пархімаўцы” Андрэя Навасада віншуюць першы намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама Дзмітрый Кадргулаў, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Сулаўка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Апон і старшыня СВК “Пархімаўцы” Юрый Ярэміч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *