Па ўраджайнасці СВК імя Варанецкага лепшы ў рэспубліцы

Лента новостей

Слаўная гісторыя гэтай гаспадаркі пачалася ў 1949 годзе, а наступнае ўзбуйненне ў 1976 годзе і рэфармаванне яе ў 2003-ім у СВК імя Варанецкага дазваляе калектыву ісці ў нагу з часам. Спецыялізацыя тут мяса-малочная з развітым земляробствам. У структуры таварнай прадукцыі жывёлагадоўля займае больш за 80%. Апраўдвае сябе стаўка на свінагадоўлю, дае добрыя вынікі вытворчасць малака. Надаецца вялікая ўвага павышэнню прадуктыўнасці жывёлы, змяншэнню выдаткаў.
Па ўраджайнасці азімага рапсу ў гэтым годзе СВК імя Варанецкага на другім месцы ў раёне пасля РУСП “Масаляны”. Пад перспектыўную культуру было адведзена 230 гектараў. Азімае трыцікале пасеялі на 950 гектарах, азімую пшаніцу – на 250. У гаспадарцы добра даглядаюць тэхніку. Усяго тут 10 камбайнаў, з іх 5 імпартных. На жніве задзейнічаны 10 машын.
У СВК імя Варанецкага 4 сушылкі, адна з іх новая. Збожжа прасушваецца якасна, жніўны канвеер працуе зладжана.
Высокая ўраджайнасць збожжавых – заканамерны вынік сістэматычнай і планамернай работы хлебаробаў. Пад ураджай гэтага года ў параўнанні з папярэднім больш унеслі мінеральных угнаенняў, больш увагі надалі хімічнай абароне раслін. Людзей можна шчыра павіншаваць з іх працоўнымі здабыткамі – напрыклад, на 29 ліпеня гэтага года сярод сельгаспрадпрыемстваў рэспублікі з найвышэйшай ураджайнасцю збожжавых лепшымі сталі нашы землякі з СВК імя Варанецкага. Для параўнання: у Брэсцкай вобласці СВК “Палеская ніва” Столінскага раёна– 73,6 цэнтнера з гектара, у Віцебскай – ГСГУ “Лепельская гатункадаследчая станцыя” Лепельскага раёна – 51,3; у Гомельскай– КСУП “Агракамбінат Холмеч” Рэчыцкага раёна – 70; у Мінскай –агракамбінат “Сноў” Нясвіжскага раёна – 71,7; у Магілёўскай–ААТ “Александрыйскае” Шклоўскага раёна – 74,9 і ў Гродзенскай вобласці СВК імя Варанецкага Бераставіцкага раёна – 86,3 цэнтнера з гектара.
На жніве ў гэтай гаспадарцы шчыруюць добрасумленныя камбайнеры. Ужо 25-ы сезон аддае гэтай пачэснай і нялёгкай працы Сцяпан Талочка. Разам з ім працуе на магутным “жалезным кані” Генрых Кісель (на здымку). Можна з упэўненасцю сказаць – камбайнеры пастараюцца быць у лідэрах, перамагчы ў спаборніцтве.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *