Па слядах “Славянскага базару ў Віцебску-2021”. Бераставічане дзеляцца ўражаннямі

Культура Лента новостей

Мастак, аматар краязнаўства і мастацтвазнаўства з г.п. В.Бе­раставіца Андрэй Втарушын кожны год наведвае Віцебск падчас фестывальных дзён. Віцебшчына – яго радзіма, а сам горад – месца вучобы і пазнання сакрэтаў выяўленчага мастацтва ва ўстанове з моцнымі традыцыямі знакамітай “Віцеб­скай школы жывапісу”, якая дала свету імёны Марка Шагала, Заіра Азгура, Саламона Юдовіна, Восіпа Цадкіна, Лазара Лісіцкага і многіх іншых. Андрэй Францавіч сёння дзеліцца з чытачамі ўражаннямі ад сваёй чарговай паездкі на “Славянскі базар”.

– Маё знаёмства з багатай выставачнай праграмай адбылося 18-19 ліпеня. Як мастака, мяне перш за ўсё цікавілі навінкі выяўленчага мастацтва, імёны, персанальныя выставы і прэзентацыі. Абавязковы аб’ект наведвання ў Віцебску – Мастацкі музей. І першай мяне сустракаюць карціны з галерэя Юрыя Пэна (1854-1937).

Гэта першы Заслужаны мастак БССР (1927) і першы настаўнік Віцебскай мастацкай школы. Музейная калекцыя яго карцін пад назвай “Жаночы партрэт кан. 19- пач. 20 ст.” прадстаўляе адзін з любімых жанраў у творчасці Пэна. Вобразы віцебскіх прыгажунь з кветкамі, у каляровых сукенках маюць прыцягальную сілу і таямнічасць. Маляванне вачэй – адметная рыса дасканаласці мастака Юрыя Пэна.

Дзве юбілейныя выставы беларускіх мастакоў Фелікса Гумена (да 80-годдзя з дня нараджэння) і Валерыя Шчаснага (да 70-годдзя з дня нараджэння) дэманструюць у музеі высокі ўзровень майстэрства і сваю асабістую тэму ў мастацтве віцебскіх аўтараў.

Фелікс Гумен – майстар акварэльнага жывапісу і прыроджаны каларыст. Асноўная яго тэма – пейзажы Віцебшчыны. Выстава “Мой родны кут” адлюстроўвае вуліцы і краявіды Віцебска, Полацка, вёскі Лужасна з перадачай стану прыроды і пары года: “Летні вечар”, “Зімовае сонца”, “Вясна ў старым горадзе”. Між іншым, Фелікс Гумен выкладаў жывапіс на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава падчас маёй вучобы ва ўніверсітэце (1999-2004). Я меў магчымасць пазнаёміцца з яго акварэльнай тэхнікай, калі малюнак пад фарбамі ўдакладняецца лязом. Работа набывае шмат блікаў і нібыта напаўняецца святлом. На выставе прадстаўлены каля 70 работ аўтара.

Валерый Шчасны на сваёй юбілейнай выставе прадставіў тэму “Шлях”. Сімволіка крыжа, пошукі шляхоў яднання рэлігій свету ў выглядзе знака, герба, вобраза – асноўная ідэя выставы. Творы мастака прадстаўлены як у алейным жывапісу, так і ў прыкладным мастацтве (разьба па дрэве), якія называюцца “знакава-канструктыўныя кампазіцыі”. Мне спадабаліся карціны “Аршанскі гербоўнік”, “Віцебская ратуша”, “Новыя лабірынты”, на якіх выявы паўстаюць на спіле дрэва. З Валерыем Ігнацьевічам я працаваў у Верхнядзвінскай школе мастацтваў (2004-2008), наведваў яго выставы пейзажнага жывапісу, таму мне цікава было наведаць яго выставу і пабачыць новыя работы.

Моцнае ўражанне ў мяне пакінула і Расійская перасоўная выстава “Рэалісты Расіі”, на якой прадстаўлены 89 работ  розных стыляў, жанраў і тэхнік жывапісу сучасных мастакоў з Масквы, Калугі, Пецярбурга, Пензы, Чарапаўца, Цвяры, Волагды і іншых гарадоў. 26 расійскіх мастакоў-рэалістаў знаёмяць нас са сваёй творчасцю. Афіша пра выставу распавядае: “Віцебск стаў першым у Беларусі горадам, які прымае перасоўную выставу “Рэалісты Расіі” з   8 ліпеня па 31 жніўня 2021 года”.

Гістарычны Віцебск, як вядома, стаў першым месцам адкрыцця мастацкай адукацыі на Беларусі. Тут працаваў і першы Музей сучаснага мастацтва (1920), і карцінная галерэя імя Ю. Пэна (1939). Адсюль Віцебск называюць горадам мастацтваў Беларусі.

У Дзень Саюзнай дзяржавы ў Мастацкім музеі адбыліся прэзентацыі брэндавых выстаў рускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Залатая Хахлама – душа Расіі” (роспіс па дрэве) і “Таржок – жывая традыцыя залатога шыцця” (Цвярская вобласць).

Музейныя экспанаты і сучасныя ўзоры ручнога майстэрства вельмі прыгожыя, складаныя ў выкананні і незвычайныя. Гэта распісны посуд, матрошкі, калекцыя адзення, упрыгожанага залатой і срэбнай вышыўкай і ўнікальны 12-мятровы пояс з ахоўнай малітвай цара Давіда. Дарэчы, над стварэннем пояса на працягу двух гадоў працавалі 37 чалавек. Выраб упрыгожвае 6,5 тысяч крышталёў Свароўскі, на яго вышыўку спатрэбілася 52 кіламетры залатой і срэбнай ніткі. На экспанаце вышыта самая моцная ахоўная малітва – 90-ы псалом Давіда. Пояс у выставачнай зале размяшчаецца па крузе, і калі прайсці тры разы ўнутры і загадаць жаданне, то яно абавязкова споўніцца.

Абласны краязнаўчы музей “Ратуша” зацікавіў выставай “Па старажытных канонах” з фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў. На выставе прадстаўлены ўзоры рэлігійнага мастацтва: іканапіс веткаўскай школы, рэдкія царкоўныя старадрукі і рукапісныя кнігі XVII-XIX ст. (Апостал, 1604 г., Масква), мастацкае ліццё XVIII-XIX ст. (укрыжаванні, абразы-складні, кадзіла). Рэдкі сюжэт – абразы “Святы Мікола Агідны” і “Спас Нерукатворны” з трыма сцэнамі цудоўнага з’яўлення аблічча Збавіцеля.

У Ратушы я наведаў незвычайную выставу “Добры дзень, Каракія!”, дзе пазнаёміўся з прадметамі мастацтва і этнаграфіі аднаго з карэнных малалікіх народаў Паўночнай Расіі – каракаў, якія пражываюць на тэрыторыі Камчацкага краю. Выстава складзена з прыватнага збору Людмілы Каюравай.

Белпошта і Беларускі саюз філатэлістаў арганізавалі ў Ратушы ХІ Нацыянальную філатэлістычную выставу “Белфіла-2021”. На выставе адбылася прэзентацыя паштовага выпуску “Святы і абрады беларусаў”. Набыў і я святочны канверт з маркай і спецыяльным штэмпелем “Белфіла-2021”. Экспазіцыя ўтрымлівае 80 калекцый з Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Украіны, Ізраіля, Чэхіі, Арменіі і іншых краін свету (усяго 11 краін). Разнастайная тэматыка, сабраная на канвертах, марках, паштоўках абавязкова знойдзе свайго прыхільніка. Гэта помнікі архітэктуры, знакамітыя асобы, гістарычныя падзеі, спорт і інш. Напрыклад, убачыў я і першы савецкі мастацкі канверт з помнікам Элізы Ажэшкі ў Гродна (1976).

18 ліпеня я пабачыў на Пушкінскай плошчы і вуліцы Льва Талстога фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. Выступалі артысты маладзёжнага тэатра “Колесо”, студыя цыркавога мастацтва “Люстэрка”, шматлікія танцавальныя студыі, а на сцэне каля помніка А. С. Пушкіну прайшла музычна-паэтычная праграма “Сёмы пялёстак”.

Сваю вандроўку я завяршыў паходам у музей “Арт-цэнтр Марка Шагала”, дзе набыў кнігі і паштоўкі з творамі знакамітага мастака Віцебшчыны – Марка Шагала.

Фестываль завяршыўся, але многія мастацкія выставы ў Віцебску працягваюць сваю дзейнасць. І жадаючыя яшчэ могуць іх наведаць.

Андрэй Втарушын, г. п. В. Бераставіца. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *