Сёлетні год мог бы стаць юбілейным для нашага земляка, беларускага паэта, сябра Саюза пісьменнікаў СССР, майстра вершаваных споведзяў і размоўнай лірыкі Івана Леткі. Івану Антонавічу споўнілася б 85 гадоў. Але паэта не стала ў 1999 годзе.
Нам у спадчыну засталіся ад земляка чатыры зборнікі вершаў – “Тры крокі ад сонца” (1967 г.), “Тры верасні” (1970 г.), “Грамы на зімоўцы” (1974 г.), “Агні ў пралётах” (1991 г.), паэма “Каліноўцы” (1973 г.) і “Балада пра чорны камень” (1990 г.).
Выстава
да юбілею паэта
У чытальнай зале Бераставіцкай раённай бібліятэкі дзейнічае выстава, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Івана Антонавіча Леткі. Бібліятэкары падрыхтавалі кніжную выставу з яго прыжыццёвымі зборнікамі вершаў, а таксама з уласнымі выдавецкімі працамі – выданнямі 2013 года зборнікаў вершаў “Тры верасні” і “Грамы на зімоўцы”, сёлетнімі выданнямі паэмы “Каліноўцы” і зборніка выбраных вершаў “Балада пра чорны камень”, прысвечанага малой радзіме.
Хараство прыроды, паэтызацыя працы, гісторыя і сучаснасць — асноўныя матывы лірыкі паэта. Летка любіў родны край. Напрыклад, Масалянам, дзе нарадзіўся, ён прысвяціў свае лепшыя вершы “Добры дзень, Масаляны!”, “Нарадзіўся я ўлетку”, “Сынок”, “Я з Белай”, а Вялікай Бераставіцы – верш “Я павешу замок”.
Літаратурны талент Івана Леткі адзначаны ў даведніках “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” і “Людзі культуры з Гродзеншчыны” Аляксея Пяткевіча, бібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі”, гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Бераставіцкі раён”.
Сярод прадстаўленай на экспазіцыі інфармацыі аб паэце ўвагі заслугоўвае выпуск раённай газеты “За камунізм” ад 1 мая 1976 года, дзе ў “Літаратурнай старонцы” пра Івана Летку надрукаваны артыкул са штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, а таксама артыкул з “Бераставіцкай газеты” ад 4 чэрвеня 2011 года, які паведамляе пра раённы фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі-2011”, прысвечаны земляку.
Жыццёвы шлях
земляка-песняра
Іван Антонавіч Летка нарадзіўся 14 чэрвеня 1935 года ў маёнтку Масаляны Гродзенскага павета. Паходзіў з сялянскай сям’і. Бацька Антон Васільевіч, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, ваяваў на франтах Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў. У 1919 годзе быў прысуджаны калчакаўцамі да расстрэлу, але ў апошні момант прысуд адмянілі. У Расію з Гродзеншчыны Антон Летка ўцёк разам са сваёй будучай жонкай Соф’яй Васільеўнай, каб там ажаніцца. У 1925 годзе сям’я вярнулася ў вёску Багдзюкі.
З паўгектара ўласнай зямлі сям’я, у якой на той час было васьмёра дзяцей, пракарміцца не магла, таму бацька наняўся парабкам у масалянскі маёнтак пана Яна Каміла Біспінга. Там бацькі Леткі атрымалі адукацыю, шмат чыталі, карысталіся панскай бібліятэкай, якая ў час вайны 1941-1945 гадоў разышлася па людзях. У Масалянах нарадзіўся іх апошні сын Іван. Маці, якой тады было 44 гады, пасля родаў захварэла і неўзабаве памерла. У 1941 годзе загінуў бацька. Хлопчык застаўся сіратой. У 1944 годзе ён пайшоў у першы клас масалянскай сямігодкі. У пятым класе захварэў на рэўматызм, цэлую чвэрць лячыўся ў шпіталі і быў пакінуты на другі год. За лета падрыхтаваўся самастойна, здаў экзамены за пяты клас і ў шосты пайшоў разам з аднагодкамі. У 1954 годзе скончыў Масалянскую СШ і паехаў у Маскву да брата. Вучыўся ў медыцынскім вучылішчы, адтуль быў прызваны ў Савецкую Армію.
Дэмабілізаваўшыся, працаваў грузчыкам на бетонным заводзе ў Маскве, мулярам-дэкаратарам у Цэнтральным тэатры Савецкай Арміі, кавалём на аўтазаводзе імя Ліхачова. У 1961 годзе паступіў на завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута і ў 1967 годзе паспяхова абараніў дыплом. Вучобу сумяшчаў з працай на заводзе. З 1971 года працаваў майстрам, намеснікам начальніка цэха па вытворчасці, начальнікам участка, інжынерам па кадрах. З 1985 года на пенсіі. Узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы і медалямі. У 1966 годзе прыняты ў члены КПСС.
Цяга да паэтычнага слова, да народнай песні абудзілася ў Івана Антонавіча Леткі ў юнацкім узросце. Першы яго верш “На радзіме” апублікаваны ў газеце “Чырвоная змена” (1959), пасля чаго яго вершы сталі часта з’яўляцца на старонках савецкіх беларускіх перыядычных выданняў, гучаць па радыё. У 1960 годзе ў часопісе “Полымя” надрукавана падборка вершаў з прадмовай Рыгора Бярозкіна. Іван Летка – аўтар чатырох зборнікаў, паэмы і балады.
Лірыцы Леткі характэрна абвостранае эмацыянальнае ўспрыняцце навакольнага сусвету. Яркая метафарычная вобразнасць спалучаецца ў яго з апавядальна-спакойным рытмічным ладам. У паэме “Каліноўцы” створаны вобразы гераічных удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. У творы трапна ўжываюцца назвы гістарычных мясцін – Бераставіца, Свіслач, Зэльва, Вільна, Мастаўляны. Як каваль маскоўскага аўтазавода імя Ліхачова, паэт прысвяціў гэтай прафесіі большую частку сваіх вершаў, апісаў гераічны рабочы клас, стыхію агню.
Ушанаванне памяці
Бераставіцкі край шануе памяць свайго масалянскага песняра. Напрыклад, у 2000 годзе ў раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага была створана партрэтная галерэя знакамітых лю-дзей Бераставіччыны, сярод якіх і Іван Летка (мастак Мікалай Жлабовіч).
Першы адкрыты раённы фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі” быў прысвечаны паэту. Яго сястра Алена Касцяновіч, якая была госцем фестывалю, гаварыла: “… да славы Іван не імкнуўся. Ён быў шматграннай асобай, шчодра надзеленай ад прыроды разнастайнымі здольнасцямі: іграў на некалькіх музычных інструментах, хораша спяваў, меў немалы акцёрскі талент, выдатна маляваў, быў сапраўдным майстрам трапнага народнага слова”.
З 2012 года ў раённым краязнаўчым музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы адкрыта пастаянная экспазіцыя “Нашыя славутыя землякі”, дзе змешчаны памятныя рэчы Леткі. Гэта прыжыццёвыя зборнікі вершаў, рукапісы, пасведчанне І. А. Леткі як сябра Саюза пісьменнікаў СССР (1978), сямейныя фотаздымкі, друкарская машынка і іншае.
Куток ў гонар Івана Леткі дзейнічае ў філіяле “Масалянская інтэграваная сельская бібліятэка”, цэнтральным аб’ектам якога з’яўляецца вялікі партрэт паэта (мастак Аляксандр Ваўчок).
Звесткі пра паэта ўтрымліваюцца таксама на сайтах Масалянскага ясляў-сада – пачатковай школы і Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага. Дарэчы, сярод відэарэсурсаў на сайце райбібліятэкі прадстаўлена прэзентацыя аб жыцці і творчасці Івана Леткі.
Да друку падрыхтавалі
Святлана Ганчарова
і Андрэй Втарушын,
фота аўтара і з архіва
музея Вавёркі