Пачуць голас Бога

Лента новостей

Моладзь, якая закончыла ў гэтым годзе школу, стаіць перад выбарам жыццёвай дарогі, будучай прафесіі. Хацелася б сёння звярнуць увагу чытачоў на яшчэ адну “прафесію”. Гэта нешта нават большае, чым проста прафесія, гэта спосаб жыцця. Размова пойдзе аб пакліканнях да святарства або манаскага жыцця.

«Ідзі за Мною» (Мц 9, 9) — ужо дзве тысячы гадоў Езус таксама кліча юнакоў і дзяўчат, каб сталі святарамі, законнікамі і законніцамі і прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу, Касцёлу і людзям. У гэтым служэнні Касцёл — як у Беларусі, так і ва ўсім свеце — мае вялікую патрэбу. З такімі словамі Езус звярнуўся да простых галілейскіх рыбакоў, і тыя пакінулі свае сеткі і пайшлі за Ім. Таму неабходна, каб у нашых святынях і супольнасцях з новаю сілаю гучалі словы Евангелля: «маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 38).
Каб адкрыць сваё пакліканне, трэба яго спачатку прагнуць, жадаць яго. Калі такое жаданне ўзнікла, трэба пачаць шукаць дарогу яго рэалізацыі, абапіраючыся на Божае слова, у якім Бог у поўнай меры дае адказ на сэнс нашай дарогі.
На маю думку, пакліканне да святарства або манаскага жыцця — гэта, перш за ўсё, Божая ласка. Вялікая Божая ласка, дадзеная чалавеку, вялікі дар. Чалавек не можа да канца гэтага зразумець і ніколі не зразумее. Можа, толькі калі ўбачыць Езуса Хрыста тварам у твар.
Зразумела, што гэта Божая справа — даваць свету святароў. Калі Ён захоча, іх, напэўна, будзе больш. З іншага боку, мы, жывучы на зямлі, павінны рабіць усё, каб Божае Валадарства на зямлі пашыралася. Так, Бог выбірае, кліча людзей. Аднак гэтую справу Бог даверыў таксама нам. Калі чалавек можа прыняць дар паклікання, Бог дасць яго. Тут, як у біблейскай прытчы пра сейбіта: Божае насенне падае ў розную зямлю, можа ўпасці на скалістую альбо на іншую, можа засохнуць, а можа прынесці плён. Бог дае пакліканні, Ён хоча, каб святароў было больш, аднак многае залежыць ад той глебы, на якую ўпадзе «насенне». Калі на голую, непадрыхтаваную, то яно не прарасце. Калі трапіць у церні, яны проста заб’юць яго (пар. Мц 13, 3-8).
Сёння мы востра адчуваем недахоп рэлігійнасці ў сем’ях. Як малады чалавек ці дзяўчына могуць пачуць пакліканне да служэння Богу, калі ў сям’і, можа, увогуле пра Бога не думаюць і не гавораць? Раней лічылася за вялікі гонар, калі хтосьці з дзяцей прысвячаў сябе Богу, а сёння сям’я не заўсёды гэтаму спрыяе. Драма паклікання, бо бацькі хочуць мець унукаў, прадаўжэння роду. І гэта натуральна. У Каталіцкім Касцёле пакліканне звязана з цэлібатам. Таму бацькі ў такой сітуацыі адчуваюць сябе, у пэўным сэнсе, пакрыў-джанымі. Дзеці самі выбіраюць шлях у жыцці. Чамусьці няма праблем, калі дзіця збіраецца ажаніцца ці выйсці замуж. Часамі ствараюць сем’і з няверуючым чалавекам. І бацькі выдатна разумеюць, што іх дачка або сын будзе пакутаваць усё жыццё. Але чамусьці ніякіх праблемаў і слёз пры гэтым не ўзнікае, а ўзнікае толькі пачуццё радасці, якая можа скончыцца праз некалькі месяцаў.
Нярэдка можна пачуць пытанне: ці сапраўды ў сучасным самадастатковым свеце святар яшчэ патрэбны? Можа, гэта ўжо перажытак мінулага? Часам можна пачуць наступныя сцвярджэнні: у Бога я веру, але Касцёл і святароў не прызнаю. У адказ на такую пазіцыю напрашваецца вывад: ваду з Крыніцы Жыцця чалавек п’е, але студні, з якой чэрпае, не акцэптуе.
Ніхто іншы, як святар, вядзе чалавека ад хросту ажно да крыжа на магіле. Вядзе, указваючы шлях да Бога, праз сакрамэнт пакаяння, Эўхарыстыю, намашчэнне хворых. Сам Езус як быццам кажа святару: “Я патрабую цябе, тваіх вуснаў, тваіх рук, твайго сэрца, тваіх сіл і ўсмешкі для слабых, пакрыў-джаных і церпячых”.
Святарства асобных пакліканых нараджаецца і развіваецца ў вызначаны Богам час, а выспявае і фарміруецца ў касцёльнай установе – семінарыі. Семінарыя – гэта не толькі ўстанова ці будынак: перш за ўсё, гэта жывыя людзі, якія прыйшлі сюды на голас Хрыста і якія прагнуць выканаць Яго намеры ў адносінах да сучаснага свету. У семінарыі клерыкі атрымліваюць неабходныя веды па філасофіі і тэалогіі, праходзяць душпастырска-літургічныя практыкі ў парафіях, удзельнічаюць у беларускіх і замежных пілігрымках, узмацняюцца ў любові да Бога падчас чытання Святога Пісання і Жыція Святых. Апрача гэтага, клерыкі ездзяць на экскурсіі, займаюцца спортам, іграюць на музычных інструментах. Гэта толькі некаторыя аспекты семінарскага жыцця. Натуральна, што будучы святар узмацняе сваё пакліканне праз штодзённы ўдзел у святой Імшы, разважанні, асабістую малітву, удзел у набажэнствах пэўных перыядаў, развівае сваю пабожнасць да Маці Божай праз штодзённую малітву на ружанцы.
Святары і кансэкраваныя асобы не падаюць з неба. Яны нараджаюцца і выхоўваюцца ў нашых сем’ях, парафіяльных супольнасцях, школах і ў нашым грамадстве.
Хрыстус клікаў да святарства і сёння кліча, аднак трэба пачуць Яго голас. Таму нашым супольным абавязкам з’яўляецца маліцца і дапамагчы маладым лю-дзям пачуць голас паклікання, каб наша Бацькаўшчына мела дастаткова слуг алтара.
Беларусь патрабуе святароў – добрых святароў, святых, моцных сваёю вераю і адданасцю справе адраджэння Касцёла, годных быць духоўнымі лідэрамі, правадырамі.
а. Дзмітрый
ЛАБКОЎ, памочнік настаяцеля касцёла Перамянення
Гасподняга
г.п.В. Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *