Праца з маладымі спецыялістамі традыцыйна з’яўляецца адной з самых важных складаемых дзейнасці метадычнай службы ўстаноў адукацыі. Менавіта ад вопытных калег залежыць тое, якім педагогам стане малады спецыяліст, што прыйшоў у школу.
З мэтай распаўсюджвання педагагічнага вопыту, аказання метадычнай дапамогі маладым педагагічным работнікам устаноў адукацыі раёна ў Макараўскім яслях-садзе – сярэдняй школе было праведзена чарговае пасяджэнне «Школы маладога спецыяліста».
Тэма пасяджэння — «Сучасны вучэбны занятак: структура і канструяванне». У рамках сустрэчы маладыя спецыялісты наведалі адкрыты ўрок біялогіі ў IX класе «Слыхавая сенсарны сістэма», які правяла малады спецыяліст хіміі і біялогіі, выпускніца школы, Болбат Кацярына Уладзіміраўна.
Выхавальнікаў дашкольнай адукацыі запрасілі ў яслі-сад, дзе Губар Ганна Віктараўна, выхавальнік дашкольнай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, паказала занятак «Падарожжа ў краіну Каралевы Матэматыкі» з адукацыйнай вобласці «Элементарныя матэматычныя ўяўленні».
Пасля самааналізу і абмеркавання ўрока і занятка Фрыдэль Алена Уладзіміраўна, настаўнік геаграфіі Старадварэцкага ясляў-сада — базавай школы, правяла для маладых спецыялістаў майстар-клас па тэме «Праектаванне сучаснага навучальнага занятка». Алена Уладзіміраўна падзялілася вопытам работы і практычнымі напрацоўкамі ў праектаванні і правядзенні сучаснага ўрока. Прысутныя змаглі праявіць творчасць і кемлівасць, эрудыцыю і кампетэнтнасць у выкананні прапанаваных заданняў.
Завяршылася сустрэча заняткам з элементамі трэнінгу «Я паспяховы педагог», які правяла вопытны педагог-псіхолаг Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аўдзей Ларыса Анатольеўна.
З багажом новых ведаў і станоўчымі эмоцыямі маладыя спецыялісты раз’ехаліся па сваіх установах адукацыі. Спадзяёмся, што гэта сустрэча для кожнага маладога педагога была прадуктыўнай, а атрыманыя тэарэтычныя веды будуць прымяняцца на практыцы ў педагагічнай дзейнасці.
Святлана Мазавецкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы