Пасхальны Трыдуум

Лента новостей

У красавіку будзем адзначаць самае вялікае хрысціянскае свята – Пасху. У літургіі Касцёла яно адзначаецца тры дні і носіць назву Святы Пасхальны Трыдуум.

Вялікі чацвер
Святы Пасхальны Трыдуум распачынаецца ў Вялікі чацвер імшой Вячэры Пана. Эўхарыстычная літургія ўспамінае ўстанаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту – пераўтварэння хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Пасля Імшы святар здымае з алтара абрус, крыжы і свечкі. На памяць аб тым, як Езус памыў ногі вучням, у нашых святынях таксама капланы абмываюць ногі выбраным 12 мужчынам.
Вялікі чацвер – гэта таксама дзень устанаўлення сакрамэту капланства. У гэты дзень трэба ўспомніць аб капланах, якія працавалі ў нашых парафіях, якія нас ахрысцілі, удзялілі Першую Святую Камунію, сакрамэнт Шлюбу і якія ёсць сярод нас. Трэба падзякаваць ім, што адказалі на голас Хрыста і верна служаць Яму.

Вялікая пятніца
Вялікая пятніца прысвечана мукам і смерці Хрыста. Набажэнства адбываецца пасля абеду – ёсць звесткі, што Езус памёр каля 15 гадзін нашага часу. Пачынаецца ўсё Крыжовай Дарогай, у гэты дзень Імшы няма. Падышоўшы да алтара, капланы ў чырвоным убранні прыпамінаюць пра ахвяру крыві, становяцца на калені ці падаюць ніц і моўчкі моляцца, затым пачынаецца Літургія Слова і ўрачыстая малітва.
Цэнтральным момантам з’яўляецца адарацыя крыжа. У святыню ўносіцца пакрыты тканінай крыж, усе вернікі падыходзяць да яго, становяцца на калені і праз сімвалічны пацалунак выражаюць асабістае прыняцце выбаўлення. Пасля прыняцця Святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў сімвалічную грабніцу. Гэта прыпамінае зняцце Езуса з крыжа і яго пахаванне.

Вялікая субота
У гэты дзень таксама няма Імшы, галоўны алтар застаецца непакрытым. На працягу дня ў касцёле ідзе адарацыя Хрыста, паложанага ў грабніцу. Вернікі прыносяць у святыню на благаславенне ежу на святочны стол (“свянцонкі”).
Вечарам пачынаецца Пасхальная Вігілія, якая па літургічных правілах ужо належыць да Нядзелі Уваскрасення Пана. Пачынаецца яна з Літургіі Святла. Перад касцёлам распальваецца вогнішча, адбываецца благаслаўленне агню і пасхала – вялікай свечкі, якая з’яўляецца сімвалам Хрыста, ад яе полымя вернікі запальваюць свае свечкі.
Літургія Слова ў гэты дзень асабліва працяглая, яна складаецца з 9 чытанняў, пераплеценых псалмамі і малітвамі.
Трэцяя частка Вігіліі прысвечана таямніцам сакрамэнту Хросту, адбываецца асвячэнне вады, і вернікі аднаўляюць свае хросныя абяцанні.
Урачыстасць Пасхальнай Вігіліі заканчваецца Камуніяй і благаслаўленнем, а таксама радасным “Алілуя”. Астатні акцэнт – гэта заклік на працэсію, якая ў нашых умовах адбываецца ў нядзелю раніцай.
а. Дзмітрый ЛАБКОЎ, памочнік настаяцеля касцёла Перамянення Гасподняга г.п.Вялікая Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *