Бераставіцкая птушкафабрыка – прадпрыемства, якое вылучаецца стабільнай работай на фоне многіх іншых у рэспубліцы. На два мільёны больш яек тут атрымана ў мінулым годзе ў параўнанні з пазамінулым. Іх колькасць дасягнула 41118 тысяч штук – нават цяжка ўявіць, які б гэта быў доўгі ланцужок або сапраўдная вялікая “піраміда”. Валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах атрымана на 28 мільярдаў 187 мільёнаў рублёў, рост у параўнанні з 2013 годам склаў амаль 105 працэнтаў. На птушкафабрыцы ўтрымліваецца больш за 130 тысяч курэй. У сярэднім кожная нясушка знесла за мінулы год больш за 314 яек. Гэта вельмі добры паказчык, у краіне такога дабіліся далёка не ўсе птушкафабрыкі. Ён сведчыць пра тое, што птушку тут добра даглядаюць і кормяць. Пры інтэнсіўнай сучаснай вытворчасці і ўтрыманні вялікага пагалоўя дамашняя курачка становіцца “капрызнай”, для яе ствараецца спецыяльны прыдатны мікраклімат у памяшканнях. Узрастае і адказнасць спецыялістаў і працаўнікоў за захаванне тэхналогій.
У 2014 годзе птушкафабрыкай было прададзена 40 мільёнаў 980 тысяч яек. Выручка дасягнула 35 мільярдаў 332 мільёны рублёў, а прыбытак – 3 мільярды 753 мільёны рублёў.
Важнай часткай умацавання эканомікі птушкафабрыкі з’яўляюцца традыцыйныя пастаўкі яек на экспарт у Расійскую Федэрацыю. У мінулым годзе туды было прададзена 16 мільёнаў 772 тысячы штук яек, што складае прыкладна 41 працэнт ад агульнага аб’ёма рэалізацыі. Гэта прынесла прадпрыемству 1 мільён 78 тысяч долараў ЗША.
На мінулым тыдні мне давялося пабачыць, як на Бераставіцкай птушкафабрыцы загружаецца вялікагрузная машына, каб весці карысную харчовую прадукцыю ў Тамбоў. Яйкі там купляюць ахвотна. На птушкафабрыцы выкарыстоўваюцца толькі натуральныя камбікармы ўласнай вытворчасці.
Як руплівыя мурашкі, рухаліся працаўнікі птушкафабрыкі, каб загрузіць фуру. Каробкі ахайныя, з адпаведнымі этыкеткамі, яйкі не паб’юцца пры транспарціроўцы. А паступаюць яны ў машыну па спецыяльным транспарцёры.
Вадзіцель ААТ “Бярозаўскае аўтатранспартнае аб’яднанне” Сяргей Жук, які павёз наш бераставіцкі груз у Расійскую Федэрацыю, расказаў, што ў міжнародных перавозках далёка “не навічок”. У сваёй магутнай машыне ён вязе адразу 840 каробак, у кожнай з якіх 360 яек. Чалавек выехаў у аўторак, казаў, што ў чацвер “будзе там”. Едзе па “алімпійскай трасе”, затым у напрамку Масквы, а потым яшчэ далей. Ён можа параўнаць дзве краіны, бо бачыць усё сваімі вачамі, і гаворыць, што ў нас, напрыклад, вельмі дагледжаныя дарогі, хаця і там, у глыбінцы, у апошнія гады сталі гэтаму надаваць больш ўвагі.
“Малочныя” і іншыя “харчовыя” войны прыходзяць і адыходзяць, а добрыя адносіны паміж народамі застаюцца. Галоўнае пры гэтым “людзьмі звацца” і памятаць, асабліва ў сувязі з падзеямі ва Украіне, што простаму чалавеку не патрэбны ніякія войны, ні “харчовыя”, ні “нехарчовыя”. Усе канфлікты павінны вырашацца справядліва, цывілізавана, з мудрым акцэнтам на тое, што “правы кожнага з нас заканчваюцца там, дзе пачынаюцца правы іншага чалавека”. І калі так будзе, можна жыць шчаслівай сям’ёй народаў, у згодзе і павазе адзін да аднаго. А ўзаемавыгадны цывілізаваны гандаль – адна з выдатных магчымасцей чалавечых зносін, якая ідзе на карысць абодвух бакоў.
На здымках: у час адпраўкі грузу з Бераставіцкай птушкафабрыкі ў Расійскую Федэрацыю.
Ніна Наддэ, фота аўтара