Пасеў азімых на Бераставiччыне працягваецца

Лента новостей

Адным з этапаў на шляху да вялікага ўраджаю для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца вызначаны тэрмін сяўбы азімых. Менавіта ад яго залежыць дзейснасць такіх агратэхнічных мерапрыемстваў, як барацьба са шкоднікамі, хваробамі, пустазеллем, а таксама эффектыўнасць унесеных угнаенняў. З ім непарыўна звязаны ўмовы росту і развіцця раслін, ўстойлівасць да неспрыяльных умоў. Таму сёння адхіленне тэрмінаў сяўбы ад аптымальных на некалькі дзён адмоўна адаб’ецца на якасці і ўраджайнасці збожжавых у будучым.
Па словах галоўнага агранома аграфірмы “Стары Дворац” Мікалая Міхальчыка, аптымальны тэрмін пасеву для азімых збожжавых культур – з 25 жніўня па 25 верасня. Тэрміны сяўбы ўсталёўваюцца з такім разлікам, каб расліны да спынення вегетацыі добра распусціліся і загартаваліся да нізкіх тэмператур у зімовы перыяд.
З пасевам трыцікале ў сельгаспрадпрыемстве паспяхова справіліся. Пад гэтую культуру было адведзена 100 гектараў. Зараз чарга азімай пшаніцы. Гатункамі “танацыя”, “крэда”, “багатка” і “сюіта” будзе засеяна 720 га, з якіх 620 га ў далейшым пойдзе на зерне і 100 га – на зялёны корм. На 15 верасня пшаніцай на зерне ўжо занята 315 га палеткаў, разам з пасевамі трыцікале гэта прыкладна 51% ад усіх пасяўных плошчаў.
Разумеючы адказнасць усёй справы, на пасяўных агрэгатах з імпэтам працуюць механізатары Аляксандр Трафімовіч і Аляксандр Карпуць. Немалаважнае значэнне ў атрыманні высокага ўраджаю мае і якасць пасяўнога матэрыялу. Сельгаспрадпрыемствам для гэтых патрэб было закуплена десяць тон зерня ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас”, адна тона – у РУП “Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства НАН Беларусі» (г. Шчучын), выкарыстоўваюцца таксама гатункі ўласных нарыхтовак – 45 тон трыцікале і 320 тон пшаніцы. Перад тым, як папасці ў глебу, усё насенне пратручваецца. Старанна падрыхтаваны і зямельныя ўчасткі: у іх ужо ўнесены такія мінеральныя ўгнаенні, як калій, фосфар. Неабходнасць дадзенага мерапрыемства заключаецца ў аднаўленні мінеральнага балансу глебы, які патрабуецца для паўнавартаснага росту збожжавых. Аднак у гэтай справе таксама ёсць свае нюансы. Калі ўгнаенні ўнесены ў непадыходны для правільнага засваення перыяд, то ёсць рызыка страціць частку пажыўных рэчываў з-за выпарэння ці вымывання грунтавымі водамі.
У аграфірме “Стары Дворац” такія акалічнасці ўлічваюцца, таму ў наступным сезоне разлічваюць і на высокі ўраджай збожжавых.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *