Агарод з’яўляецца жывой лабараторыей пад адкрытым небам. Гэта сродак пазнання прыроды. Агарод патрэбен у дзіцячым садзе для таго, каб знаёміць дашкольнікаў з прыродай і яе сезоннымі зменамі.
На тэрыторыі ясляў-сада аг. Пагранічны створаны міні-агарод і кветнікі, якія выкарыстоўваюцца для экалагічнага і працоўнага выхавання дашкольнікаў. Выконваючы працоўныя даручэнні на агародзе і клумбах, дзеці пераймаюць вопыт падрыхтоўкі зямлі, насення, расады.
Работа на агародзе — адна з магчымасцей замацаваць прадстаўленні дзяцей аб адрозненнях і назвах раслін. Дзеці старэйшага ўзросту знаёмяцца з будовай раслін, у прыватнасці, з карнявой сістэмай, а таксама з ўздзеяннем умоў надвор’я на стан раслін і іх рост.
Працуючы на агародзе з дашкольнікамі, выхавальнікі актыўна узаемадзейнічаюць з імі: разам уважліва разглядаюць расліны, адзначаюць іх колер, памер, форму, а таксама агульныя і адметныя рысы. Агарод у дзіцячым садзе — гэта яшчэ і магчымасць бачыць вынікі сваёй працы. Таму на нашым агародзе дзеці сумесна з выхавацелямі не толькі сеюць і саджаюць гародніну, але дапамагаюць узрыхляць зямлю, паліваць расліны, збіраць агародніну і насенне кветак.
Цікавай формай арганізацыі працы ў прыродзе з’яўляецца эксперымент. Ёсць нямала простых і адначасова займальных спосабаў яго правядзення. Напрыклад, можна пасеяць фасолю. У адным радку, выкарыстоўваючы замочаныя фасоліны, а ў другім — сухія. Затым разам з дзецьмі назіраць, у якім радку фасоля узыдзе хутчэй. І абавязкова дапамагчы зразумець дзецям, чаму так здарылася.
Праца на зямлі карысная і для фізічнага развіцця дашкольнікаў, бо знаходжанне на свежым паветры садзейнічае умацаванню нервовай сістэмы, прадугледжвае змену відаў дзейнасці, развівае рухальную актыўнасць.
А яшчэ менавіта ў час працы на агародзе, у кветніках у дзяцей фарміруюцца адносіны да зямлі як да асноўнага багацця краіны, тут закладваецца любоў да працы.
Марыя Кавальчук, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада аг. Пагранічны