Кажуць, як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш… Аднак не менш важна правільна завяршыць адыходзячы год.
Штогод навучэнцы Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы прымаюць удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Гэты год не быў выключэннем. Усе выхаванцы, навучэнцы, іх законныя прадстаўнікі, супрацоўнікі ўстановы адукацыі прынялі актыўны ўдзел у акцыі. Былі сабраны падарункі: канцылярскія прылады, цацкі, настольныя гульні, салодкія сюрпрызы і многае іншае — усё, што можа прынесці радасць.
Старшакласнікі ў навагодніх касцюмах з цёплымі словамі, падарункамі і пажаданнямі выздараўлення завіталі ў Бераставіцкую цэнтральную раённую бальніцу. Навагоднія героі ўручылі дзецям падарункі, прапанавалі паспяваць разам песні пра Новы год. Хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі вершы.
Лічу, што далучэнне дзяцей да акцыі спрыяе выхаванню спагадлівасці, міласэрнасці, добразычлівасці — асноўных складнікаў паняцця “чалавечнасць”.
Святлана ВОЙШЭЛЬ, класны кіраўнік 8 класа Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы