Пархімаўскія школьнікі адпачывалі на восеньскіх канікулах у аздараўленчым лагеры

Лента новостей Образование

Вось і скончыліся восеньскія канікулы і пачалася другая вучэбная чвэрць. Як вучні будуць авалодваць новымі ведамі ў многім залежыць ад таго,  наколькі якасным быў іх адпачынак. Вучні пачатковых класаў Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы выкарысталі магчымасць правесці канікулы з карысцю ў прышкольным лагеры “Асенні калейдаскоп”. Лагер з’яўляецца, з аднаго боку, формай арганізацыі вольнага часу дзяцей, з другога – прасторай для аздараўлення, развіцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу асобы, яе індывідуальных здольнасцяў, творчай актыўнасці з улікам уласных інтарэсаў і магчымасцяў.

Захаванню і ўмацаванню здароўя школьнікаў спрылі  рэжымныя моманты: ранішняя зарадка, рухомыя гульні на свежым паветры, спартландыі, хвілінкі здароўя.

Кожны лагерны дзень быў тэматычны. У дзень роднай зямлі вучні крочылі сцяжынкамі малой радзімы, наведалі помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцам. У гэты ж дзень прайшоў конкурс чытальнікаў “Мой родны кут…”. Са сцэны гучалі вершы на беларускай мове. Кожны ўдзельнік імкнуўся перадаць пачуцці любові да роднай зямлі, захаплення прыгажосцю беларускай прыроды.

У дзень здароўя вучні пабывалі на экскурсіі ў музеі Бераставіцкай ЦРБ, дзе пазнаёміліся з гісторыяй развіцця медыцыны ў раёне. Цікавай і змястоўнай была сустрэча з работнікам РАНС Я.Я. Шапавалавым. Дзеці ў чарговы раз пераканаліся, што надзвычайнае здарэнне лепей папярэдзіць, а для гэтага патрэбны адпаведныя веды і ўменні.

Для вучняў ладзіліся мерапрыемствы  сумесна з філіялам па культурна-дасугавай дзейнасці  аг. Пархімаўцы і філіялам   “Пархімаўская  інтэграваная сельская бібліятэка”: гульнявая дыскатэка, конкурсна-гульнявая праграма “Разам весела гуляць”, віктарына “Па старонках Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь”.

Штодзённа вучні атрымлівалі трохразовае разнастайнае і паўнавартаснае харчаванне.

Шэсць дзён прайшлі вельмі хутка.  Напрыканцы змены ў  “Кнізе водгукаў” дзеці пакінулі  запісы і малюнкі з падзякай за смачную ежу, цікавыя мерапрыемствы, экскурсіі, добры настрой.

Спадзяёмся, што пасля ўдалага адпачынку вучні возьмуцца з новымі сіламі за вучобу.

Галіна Арцюхевіч, дырэктар аздараўленчага лагера “Асенні калейдаскоп” Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *