Пара рамантыкі і адказных рашэнняў

Лента новостей Общество

Традыцыйна ў апошнюю нядзелю чэрвеня ўвага грамадскасці прыкавана да моладзі, чыё свята адзначаецца ў гэты дзень.

Многія са старэйшых людзей трошкі з зайздрасцю глядзяць на моладзь, лічаць іх жыццёвую пару бесклапотнай і вясёлай. Але гэта не толькі час рамантыкі, гэта і пара прыняцця адказных рашэнняў, час, калі закладваецца фундамент ўсяго будучага жыцця. Атрымаць добрую адукацыю, вызначыцца з прафесіяй, знайсці сваю палавінку і стварыць сям’ю – асноўныя жыццёвыя рашэнні прымаюцца менавіта ў маладым узросце.

Маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года — гэта практычна чвэрць насельніцтва нашай рэспублікі. На Бераставіччыне пражывае больш за 3600 маладых людзей, з іх каля 1200 чалавек – гэта навучэнцы ўстаноў адукацыі, а астатнія – працуючая моладзь.

Аб праблемах, якія хвалююць сучасную моладзь і шляхах іх вырашэння напярэдадні свята мы гутарым з начальнікам аддзела па справах моладзі райвыканкама Віталем Болдакам.

— Віталь Уладзіміравіч, на пасадзе Вы яшчэ толькі два месяцы, зусім нядаўна самі ў статусе маладога спецыяліста прыступалі да працы ў Вялікабераставіцкай школе і ведаеце праблемы, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі на ўласным вопыце. Як думаеце дапамагаць іх вырашаць, узначальваючы аддзел па справах моладзі райвыканкама?

— Праблем у маладых людзей, як і ва ўсіх, дастаткова. Апытанне, якое праводзілася сярод маладых спецыялістаў Гродна і Гродзенскай вобласці, што прыбылі па размеркаванні на першыя працоўныя месцы ў 2011 годзе, яскрава выявіла найбольш актуальныя з іх. Сярод самых галоўных большая палова апытаных паставіла фінансавыя праблемы, невысокі ўзровень заработнай платы, адсутнасць уласнага жылля, хвалюе моладзь пытанне, як правесці вольны час, невысокі ўзровень культуры ў асяроддзі равеснікаў.

Вядома, паўплываць на ўзровень заработнай платы аддзел па справах моладзі ніяк не можа, але гэта праблема знаходзіцца на пастаянным кантролі дзяржавы, маладым спецыялістам аказваецца падтрымка, выплачваюцца даплаты, яны маюць права на льготныя крэдыты.

Жыллёвыя пытанні маладых спецыялістаў таксама вырашаюцца, калі часамі гэта не ўдаецца, то хаця б часткова кампенсуецца плата за здымнае жыллё.

Для таго, каб маладыя людзі маглі сустракацца і абмяркоўваць свае праблемы, пры аддзеле па справах моладзі створаны “Клуб дзелавых людзей”, які аб’ядноўвае маладых спецыялістаў раёна. Я сам наведваў яго пасяджэнні і цяпер планую актывізаваць яго работу, арганізоўваць сустрэчы з кампетэнтнымі спецыялістамі, якія дапамогуць маладым людзям разабрацца ў заканадаўстве, правах і гарантыях, якія ім забяспечвае дзяржава.

Ну і вядома, арганізацыя вольнага часу, грамадзянска — патрыятычнае выхаванне моладзі, правядзенне разнастайных мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне здаровага ладу жыцця, падтрымка таленавітай і адоранай моладзі – гэта тое, чым будзе непасрэдна займацца аддзел па справах моладзі. Я лічу, што неабходна больш сустракацца з моладдзю у працоўных калектывах, каб маладыя людзі маглі выказваць свае праблемы, прапаноўваць ідэі арганізацыі вольнага часу.

Спадзяюся, што мне ў гэтым акажа падтрымку райкам БРСМ, пярвічныя арганізацыі маладзёжнага саюза створаны практычна ва ўсіх установах і арганізацыях, гэта сіла, якой трэба карыстацца для рэалізацыі сацыяльна значных ініцыятыў моладзі.

— Адно з найбольш балючых пытанняў – арганізацыя культурнага адпачынку моладзі ў Вялікай Бераставіцы. Згадзіцеся, яно патрабуе вырашэння. Што плануеце зрабіць у гэтым накірунку?

Праблема, сапраўды, ёсць, я спадзяюся, што мы будзем яе вырашаць, аб’яднаўшы намаганні ўсіх зацікаўленых структур. Я па-добраму зайздрошчу гродзенскай моладзі, якая ў хуткім часе будзе мець свой маладзёжны цэнтр. На жаль, фінансавых сродкаў для стварэння такога цэнтра ў раёне няма. Планую пашыраць сетку клубаў па інтарэсам, знайсці базу для правядзення сустрэч маладых людзей.

У вучнёўскай моладзі карыстаюцца папулярнасцю інтэлектуальныя гульні, КВЗ. Хачу арганізаваць такія клубы і для працуючых маладых людзей.

Больш увагі неабходна ўдзяліць і навучэнцам прафесійных ліцэяў — гэта катэгорыя маладых людзей, найбольш схільных да правапарушэнняў.

Вядома, моладзі патрэбны культурныя і забаўляльныя мерапрыемствы, але я хацеў бы, каб маладыя людзі не чакалі гатовых праектаў, а праяўлялі трохі больш ініцыятывы для арганізацыі свайго адпачынку, звярталіся з ідэямі і прапановамі, часамі самымі неверагоднымі, аддзел па справах моладзі заўсёды іх чакае.

— Як моладзь Бераставіччыны адзначыць сваё свята?

— Традыцыйна ўжо склалася, што на Дзень моладзі ў раёне праводзіцца маладзёжны турыстычны злёт, у гэтым годзе ён пройдзе 28 – 30 чэрвеня, запрашэнні ўжо разасланы ва ўсе працоўныя калектывы, будзем чакаць каманды.

А ў далейшым я хацеў бы размежаваць турыстычны злёт і святкаванне Дня моладзі, арганізоўваць у гэты дзень святочную культурна — забаўляльную праграму, якая б ахоплівала большую колькасць моладзі.

Напярэдадні свята хачу пажадаць усім маладым людзям быць смялейшымі, ініцыятыўнымі, не баяцца раскрываць сябе. Бо маладосць – гэта самы ўдалы час для ўсіх здзяйсненняў, час пошукаў, адкрыццяў і рэалізацыі самых смелых праектаў. Добрага настрою ўсім, аптымізму, кахання і рамантыкі.

Дзякуй за размову, Віталь Уладзіміравіч, Вас таксама са святам!

Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *