Памяць аб Хатыні павінна жыць

80 лет Великой Победы Лента новостей Общество

22 сакавіка 1943 года – дзень хатынскай трагедыі. Гэтую дату большасць з нас ужо проста не ведае ці не памятае, але і забываць пра яе нельга.

Раніца 22 сакавіка 1943 года для жыхароў Хатыні, напэўна, не адрознівалася нічым асаблівым, акрамя таго, што ішоў другі год вайны, але побыт браў сваё — трэба было працягваць жыць і працаваць, каб дзеці маглі легчы ўвечары без пачуцця голаду, каб дажыць да перамогі. Але здарылася зусім іншае, тое, супраць чаго заўсёды змагаліся беларусы — іх прыйшлі забіць, адарваць ад роднай зямлі і ператварыць у попел! Я не буду пісаць пра тое, як гэта зрабілі акупанты: сёння любы і ў зручны для сябе час можа знайсці і пачытаць гэтую інфармацыю, я толькі хачу нагадаць, што такое мемарыяльны комплекс «Хатынь».
Ён быў створаны ў часы СССР, зроблены, як і ўсё ў той час, з размахам, падкрэсліваючы веліч краіны-пераможцы і боль, перанесены беларускім народам. Я раю не ехаць туды поўнымі аўтобусамі, а проста, выбраўшы вольны час, наведацца сваёй сям’ёй, калі няма вялікага патоку турыстаў. Прыехаць летняй раніцай, калі жыццё на досвітку абуджаецца, а там месца (цяжка назваць яго вёскай), акружанае з усіх бакоў лесам, — супакаенне, спакой, якія змянілі векавую жыццёвую мітусню. Калі ходзіш па былых вуліцах Хатыні, не чуеш нічога, толькі мёртвая цішыня, якая палохае сваёй пранізлівасцю, кранае да глыбіні душы. Праходзячы ля чарговага коміна, на месцы якога некалі стаяў дом, чытаеш, хто тут жыў: тры пакаленні ў адным доме — бабуля, дзядуля, мама, тата і па тры-шэсць дзяцей. У гэтых дварах да вайны не змаўкалі дзіцячыя галасы, адно пакаленне беларусаў змянялася другім – і так шмат стагоддзяў. Вуліцы вёскі перапаўняліся радасцю жыцця: дзеці бесклапотна гулялі, іх бацькі і старэйшыя браты і сёстры ад світання да змяркання працавалі, а старыя бурчалі на моладзь. Ідзеш гэтымі вуліцамі і здзіўляешся, як сёння ў такім прыгожым месцы можа быць так глуха?! Летняе сонца не радуе, а падкрэслівае, асвятляе чалавечую трагедыю, боль, які назаўжды застанецца ў гістарычнай памя­ці беларусаў. Святло сонца здаецца чырвоным і нібы заблытала­ся ў галінах старых дрэў, яно як бы праз шмат гадоў спрабуе пацешыць, змякчыць боль, сведкам якога было.
Зусім побач знаходзяцца могілкі, але яны так не ціснуць на сэрца, як адзінокая пераклічка званоў, што ціха і ў той жа час нібы на ўвесь голас б’юць кожную хвіліну. Могілкі, дзе ляжаць продкі, перажылі сваіх нашчадкаў, могілкі, чые надмагільныя пліты і крыжы ніхто не чапаў, сёння ўзвышаюцца над Хатынню — смерць перамагла жыццё, мёртвыя перажылі жывых!
Я быў у музеях канцлагераў Майданэк і Асвенцым, і там таксама перажываеш чалавечы боль, таксама не разумееш, як такое мог зрабіць чалавек, хай нават і вораг! Але калі ў канцлагерах і гінулі, то заўсёды заставаўся нейкі маленькі шанс на выратаванне, надзея, што ты выжывеш, зможаш уцячы ці цябе (не зразумела ад чаго) памілуюць, то ў Хатыні гэтага шансу не было — туды прыйшлі ўсіх забіць! Там бачыш баракі і калючы дрот, чыгунку, па якой прывозілі новых ахвяр, газавыя камеры, са слядамі яду, рэчы, якія камусьці належалі, і гэты хтосьці, магчыма, выжыў. Ад Хатыні не засталося нічога, толькі цішыня і памяць у нашых сэрцах.
Я, як ваенны, вучу ваяваць – гэтай прафесіяй трэба авалодаць так, каб нікому не ўздумалася паспрабаваць праверыць нашы ваенныя навыкі, каб ніколі не паўтарылася Хатынь на нашай роднай беларускай зямлі!

***

ХАТЫНЬ

У сэрцы звон…

Баліць душа…

За кожную крывавую слязу,

за тое, што не зберагла,

А толькі прыхавала ў труну…

 

У сэрцы боль…

Пакутны стогн…

І толькі шнар за кожны гук,

Што немаўля не здолела сказаць!…

 

У сэрцы плач…

Крывавы след

На месцы, дзе гарэў бацькоўскі дом:

Там чарната, дзе засень векавых дубоў!..

 

А сэрца б’е…

У сэрцы кроў

Жалобу пераносіць па табе,

Хто не дажыў, хто проста быў…

 

У сэрцы гвалт…

Бездапаможнасць зноў!

Як нам дабыць за тых, хто пяць пражыў!?.

Як нам пражыць за тых, хто так любіў!?.

 

У сэрцы жаль

Агнём знявечан…

І толькі нам – нашчадкам з гэтым жыць!

З той памяццю, каб чалавекам быць…

Віталь Ігнатовіч,
маёр, начальнік
абасобленай групы Бераставіцкага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *