Зараз ідзе час летняга адпачынку… Дзеці па-рознаму бавяць свой вольны час: адныя засталіся дома, другія адправіліся ў горад, а трэція – у аздараўленыя лагеры.
Дваццаць вучняў нашай школы з цікавасцю і вялікім задавальненнем прымаюць удзел у шматлікіх мерапрыемствах рознай накіраванасці у аздараўленым палатачным лагеры «Краяведы». Адным з галоўных мерапрыемстваў у лагеры, з’яўляецца акцыя «Памяць аб вайне нам кніга пакідае», якая адбылася 10 ліпеня ў межах Дня беларускай мовы, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мерапрыемства арганізавана і праведзена сумесна з філіялам «Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка». У ходзе мерапрыемства прагучалі літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў пра падзеі і герояў Вялікай Айчыннай вайны. Як адзначыла бібліятэкар Заміроўская М.М., многія з беларускіх пісьменнікаў прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на франтах Вялікай Айчыннай вайны і не па чутках былі знаёмы з жахамі тых страшных падзей. У сваіх творах яны паказалі праўду вайны, якую павінен ведаць кожны грамадзянін, каб жудасная трагедыя ніколі не паўтарылася.
У ходзе акцыі прагучалі вершы, урыўкі з твораў на ваенную тэматыку, якія прачыталі выхаванцы аздараўленчага лагера. Верш П.Панчанкі «Калі пачалася вайна для мяне» з дрыжаннем у голасе прачытала Даўгучыц Ксенія, вучаніца V класа. Памяць вайны … Гэта боль перажытага народам за гады вайны. Гэта страты і ахвяры, гераічная барацьба не на жыццё, а на смерць, цяжкія дарогі выпрабаванняў. Верш А.Вярцінскага «Агонь» пранікнёна прачытаў Лебедзь Раман, вучань VII класа. Першы бой прынялі на сябе абаронцы Брэсцкай крэпасці. У выкананні Нікалуты Аляксандра, вучня 9 класа, прагучаў верш П.Броўкі «Крэпасць над Бугам». Сацура Мікіта, вучань IX класа, з хваляваннем прачытаў верш Я.Купалы «Беларускім партызанам», у якім аўтар заклікаў партызан і ўвесь народ узняцца на барацьбу з лютым ворагам. Шмат вершаў беларускіх пісьменнікаў прысвечана жанчынам: жанчыне-маці, якая праводзіла на фронт мужа або сыноў; жанчыне-франтавіку, якая побач з мужчынамі знаходзілася ў самай гушчы баявых дзеянняў… Са слязмі на вачах прачытаў верш Е.Лось «Дзяўчаты мінулай вайны» вучань V класа Свіслоцкі Раман. Побач з дарослымі змагаліся дзеці, на долю якіх выпалі выпрабаванні, аб якіх немагчыма гаварыць без болю ў грудзях. «Дзеці вайны», менавіта так і называецца верш П.Панчанкі, які з хваляваннем прачытаў вучань VIII класа Лукашэвіч Яраслаў.
Усе: салдаты і афіцэры, партызаны і падпольшчыкі, працаўнікі тылу, жанчыны і дзеці, не шкадуючы сваіх сіл, набліжалі Перамогу. Дзякуючы іх мужнасці і самаахвярнасці мы 75 гадоў жывём пад мірным небам. Як сімвалы вечнай славы і горкай памяці аб героях вайны ўзвышаюцца велічныя абяліскі ва ўсіх кутках Беларусі. Верш П.Панчанкі «Навекі слава» прачытала вучаніца V класа Хабец Вераніка.
Творы, якія прагучалі ў ходзе акцыі – гэта толькі малая частка таго, што напісана пра вайну. Даведацца больш пра трагічнае і гераічнае мінулае беларускага народа праз творы беларускіх пісьменнікаў заклікала дзяцей загадчык філіялам Рэйшаль Г.В.
Вікторыя Кісялеўская, дырэктар аздараўленчага палатачнага лагера «Краяведы» Малабераставіцкай СШ