Паліна Смолава пабывала з падарункамі ў Бераставіцкім дзіцячым сацыяльным прытулку

Лента новостей

11 сакавіка Вялікую Бераставіцу наведала з канцэртам вядомая беларуская спявачка Паліна Смолава. Яна не толькі парадавала выступленнем прыхільнікаў свайго музычнага таленту, але і падарыла шмат прыемных уражанняў выхаванцам Бераставіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку. Перад канцертам Паліна прыехала ў прытулак, каб перадаць дзецям “салодкія” падарункі.
Як расказала артыстка, такім чынам яна вырашыла ўнесці свой уклад у справу дабрачыннасці і дапамагчы тым, хто патрабуе асаблівай увагі. У час свайго канцэртнага турнэ па Беларусі Паліна Смолава ў кожным горадзе, дзе праходзіць яе выступленне, абавязкова перад канцэртам наведвае з падарункамі сацыяльныя ўстановы. Ужо не першы год яна супрацоўнічае з кандытарскімі фабрыкамі “Спартак” і “Слодыч”, якія дапамагаюць зрабіць такія сустрэчы сапраўды салодкімі.
Але больш, чым падарункаў, выхаванцы дзіцячага прытулку чакалі самой сустрэчы са спявачкай. І Паліна іх не расчаравала. Адкрытая і дабразычлівая, яна з задавальненнем адказвала на пытанні, расказвала пра сябе, нават выканала для дзяцей сваю песню, і яны ёй у гэтым дапамагалі. А яшчэ маленькія выхаванцы прытулку падрыхтавалі свой невялічкі канцэрт для Паліны, спецыяльна з гэтай нагоды вывучылі вершы, падарылі падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Таксама яны правялі для артысткі экскурсію па прытулку, паказалі, у якіх умовах жывуць і вучацца.
Вельмі спадабаўся спявачцы і музей Малабераставіцкай СШ, яна была ўражана яго багатымі фондамі і цікавымі экспазіцыямі.
Дыскі з запісамі Паліны Смолавай, плакаты, аўтографы спявачкі, фота на памяць – усё гэта яшчэ доўгі час будзе напамінаць выхаванцам і супрацоўнікам прытулку аб цікавай сустрэчы.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *