Палюбіў вёску гараджанін

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_0020Тое, што многія вяскоўцы імкнуцца ўладкавацца ў горадзе, зусім не з’яўляецца сакрэтам. А вось гараджане выбіраюць месцам свайго жыхарства і працы сельскую мясцовасць не так часта. Ветурач СВК “Малабераставіцкі элітгас” Міхаіл Пянькоў (на здымку), былы жыхар Віцебска, зусім не шкадуе, што звязаў сваё жыццё з вёскай і работай на малочнатаварнай ферме “Кулі”, хаця ў горадзе для людзей яго прафесіі шмат розных магчымасцей. Нямала выпускнікоў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны пайшлі ў камерцыю, сталі прыватнікамі і зарабляюць добрыя грошы. А ў Міхаіла Пятровіча да гэтага душа ніколі не ляжала, гаворыць ён, нават думкі такой не ўзнікала.
Прафесіяналізм у чалавека расце паступова, прыступка за прыступкай, з вопытам. Хлопец з дзяцінства любіў жывёлу, адчуваў да яе сімпатыю і спагаду. У акадэмію ён паступіў пасля Ляхавіцкага саўгаса–тэхнікума, таму ў любімай прафесіі быў ужо не навічком, як іншыя “зялёныя” першакурснікі. З тых цікавых маладых гадоў яму запомнілася практыка ў Казахстане.
— А ў тыя гады дзе жывёлагадоўля была больш развітая, у Беларусі ці там? – цікаўлюся.
— У нас ужо тады шмат рабілася дзеля таго, каб жывёла была пародзістая. А там на фермах былі самыя розныя каровы: і чырвоныя, і пярэстыя. Вядома, што эфектыўнай аддачы ад такога зборнага статку чакаць не прыходзілася.
— Клімат там адрозніваецца ад нашага. А якія там былі кармы?
— Кармы нарыхтоўваліся добрыя. Але мне падабаюцца больш нашы маляўнічыя мясціны. У нас прыгожа, тут багатыя лясы. А там “голы” стэп, і часта моцныя вятры.
— Не хацелася там застацца?
— Не, практыку адбыў і ўсё, вярнуўся дадому. Але на той ферме многаму навучыўся. Тады мы там змагаліся з лейкозам.
На Бераставіччыну Міхаіл Пятровіч трапіў таму, што тут жывуць сваякі жонкі. У нашым раёне яму спадабалася, адносіны да сельскай гаспадаркі тут заўсёды былі сур’ёзнымі. Цяжкасці бываюць ва ўсіх, але дзякуючы планамернай рабоце, Бераставіччына пастаянна сярод лепшых у вобласці і рэспубліцы. Тут моцная ветэрынарная служба, і гэта немалаважны фактар у поспехах аграрыяў.
— Здароўе цяляці пачынаецца са здаровай каровы, — гаворыць ветэрынар. — На малочнатаварнай ферме “Кулі” для кароў створаны ўмовы для мацыёну жывёлы. Інтэнсіўны рух на свежым павет­ры ўмацоўвае здароўе, станоўча ўплывае на капыты. Для абрэзкі капытоў ёсць станок, мы самі яго ўдасканалілі, каб зручна было працаваць. Ногі ў жывёлы ў парадку, гэта папярэ­джвае многія захворванні. Карова ж шмат часу праводзіць на нагах. А ў лячэнні мастытаў, напрыклад, нам вельмі дапамагае лабараторыя райветстанцыі. Здараецца, што прэпарат неэфектыўны, тады лабараторным шляхам можна вызначыць па малацэ, які іншы больш дапаможа.
У цялят бываюць “дзіцячыя захворванні”. Але гэта ў тэорыі, а на практыцы за 2 месяцы да ацёлу каровам на ферме праводзіцца вакцынацыя, якая дапамагае нованароджаным потым не хварэць. Бываюць толькі адзінкавыя выпадкі, адзначае ветурач.
Пагаварыць з Міхаілам Пятровічам вельмі цікава. Можна сказаць, што ён сапраўдны “фанат” сваёй справы. Хаця метады лячэння жывёлы ўсюды прыкладна аднолькавыя, аб’ядноўвае лю­дзей гэтай нялёгкай прафесіі адно. Не ўтрымаецца там раўнадушны чалавек, якому па душы лёгкі хлеб. А той, хто вызначыўся ў маладосці з выбарам, крок за крокам пераадольваў цяжкасці, якіх бывае нямала, і адчувае ад свайго занятку маральнае задавальненне, стварае разам з калегамі “касцяк” такой службы. Моцнай службы, адной з самых важных для жывёлы і чалавека, а значыць, і нас з вамі.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *