Сёмы год на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Малабераставіцкая сярэдняя школа” дзейнічае дзевяцідзённы палатачны лагер “Краяведы” з кругласутачным знаходжаннем дзяцей, асноўны напрамак дзейнасці якога – турыстычна-краязнаўчы.
Сёлета 16 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 11-13 гадоў наведвалі лагер “Краяведы” з 22 па 30 чэрвеня. Жыццё ў ім было вельмі насычаным і цікавым. План выхаваўчай работы змяшчаў мерапрыемствы рознай накіраванасці. Асаблівая ўвага ўдзялялася грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дзяцей праз рэалізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Вялікай Перамогі.
У першы дзень работы лагера, 22 чэрвеня, пасля ўрачыстага адкрыцця, прайшоў мітынг “Памятаем і шануем” і акцыя ”Свечка памяці – героям!”. Дадзеныя мерапрыемствы былі прысвечаны Дню памяці ахвяр, якія загінулі ў першы дзень вайны. Акцыя прайшла незвычайна і выклікала ў дзяцей шмат эмоцый і пачуццяў. Кожнаму вучню быў уручаны прамавугольны папяровы квадрацік, які меў надрэзы па ўсім перыметры. Дзецям неабходна было ўпрыгожыць яго палявымі кветкамі. Калі імправізаваныя незвычайныя падстаўкі былі гатовы, да іх мы прымацавалі свечкі. Свечкі памяці запалілі і пусцілі на ваду. Кожны вучань сачыў за тым, каб яго свечка не згасла і паплыла як мага далей. Агеньчыкі сімвалізавалі памяць аб гераізме людзей, якія аддалі сваё жыццё за мірнае неба і шчаслівае дзяцінства нашых дзяцей. Па дарозе ў лагер вучні дзяліліся ўражаннямі аб праведзенай акцыі.
Перад паходам у вёску Верхаўляны спачатку мы пабывалі ў школьным музеі “Вытокі”, дзе вучні-экскурсаводы, якія адпачывалі ў лагеры, правялі экскурсію ў раздзеле “Подзвігу народа жыць у вяках”. Ганна Сіцько расказала аб жудасным лёсе, які напаткаў жыхароў вёскі Верхаўляны, а Таццяна Гуцко і Аляксандра Дзямідзік расказалі аб земляках, якія загінулі на франтах вайны або сталі ахвярамі фашызму. У Верхаўлянах мы наведалі мемарыяльны знак жыхарам вёскі, якія былі спалены фашыстамі, і помнік мясцовым жыхарам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Памяць аб загінуўшых вучні ўшанавалі мінутай маўчання і ўсклалі кветкі да помнікаў.
Незабыўнае ўражанне пакінула ў вучняў эксурсія ў Брэсцкую крэпасць-герой. Падыходзячы да галоўнага ўваходу ў крэпасць, сэрца кожнага з нас стала біцца часцей, а пачуўшы голас Ю.Левітана, які абвяшчаў аб пачатку вайны, мы адчулі тую жудасную карціну, якая панавала пры абароне Брэсцкай крэпасці. Больш падрабязна аб ходзе баявых дзеянняў на тэрыторыі крэпасці, гераізме савецкіх салдат вучні даведаліся падчас экскурсіі ў Музей абароны Брэсцкай крэпасці-героя. З пачуццём жалю і смутку слухалі вучні кожнае слова экскурсавода і адначасова адчувалі гонар за стойкасць і мужнасць абаронцаў крэпасці, якія да апошняй хвіліны жыцця змагаліся з ненавісным ворагам.
Вікторыя Кісялеўская, начальнік лагера, дырэктар Малабераставіцкай СШ