Пакуль мы помнім – яны жывуць

Лента новостей

Месяц лістапад, асабліва ў традыцыі каталіцкага Касцёла, з’яўляецца часам, калі мы ўспамінаем сваіх памерлых продкаў. І гэта вельмі сімвалічна, бо як у лістападзе з дрэў аблятаюць лісткі, так і радавое дрэва кожнай сям’і з часам паступова страчвае сваіх членаў. З кожным годам мы становімся старэйшымі, і з кожным годам усё больш нашых родных, знаёмых і блізкіх адыходзіць у іншы свет. Гэта неўнікнёная сітуацыя, бо кожны, хто нарадзіўся, мусіць памерці. Вядома, вельмі балюча траціць родных людзей, але, пахаваўшы цела, мы можам захоўваць памяць аб памерлым у сваёй душы. І пакуль мы будзем помніць аб гэтым чалавеку, ён будзе заставацца жывым для нас. Нашы ўспаміны – гэта тое, што мы можам даць нашым памерлым блізкім як удзячнасць за сваё жыццё, за любоў да нас, за ўсё добрае, што яны зрабілі на гэтай зямлі, гэта жывая сувязь пакаленняў на парозе вечнасці. І ў гэтыя лістападаўскія дні наш святы абавязак – наведаць і прыбраць могілкі, запаліць свечку, з малітвай уздыхнуць за супакой душ тых, хто там пахаваны. І абавязкова трэба перадаць памяць аб продках сваім дзецям, расказаць, як   жылі іх дзяды і прадзеды, чым займаліся. Бо, магчыма, нашы дзеці і не засталі іх пры жыцці, не ведаюць, хто ляжыць у гэтых магілах. І калі мы навучым іх шанаваць свой род, з павагай адносіцца да продкаў, то яны будуць паважаць і нас, тады і наша старасць будзе шчаслівай.  Жыццё вельмі імклівае і непрадказальнае, яно можа абарвацца ў адзін міг, і, магчыма, хутка мы самі будзем чакаць, каб і пра нас успомнілі ў малітве, а калі мы не навучым гэтаму сваіх дзяцей, то наша чаканне можа быць марным. Пакуль мы жывыя, у нас ёсць шанс гэта змяніць. І Дзень памяці – гэта добрая нагода ўсталяваць сімвалічны мосцік да вечнасці,  успомніць тых, хто даў пачатак  нашаму жыццю, задумацца аб тым, што ў ім галоўнае.  Аб смерці гаварыць цяжка, людзі стараюцца пазбягаць гэтай тэмы. Але кожны хрысціянін павінен ведаць, што смерць – гэта не канец, а пачатак новага жыцця. Жыцця, у якім мы абавязкова сустрэнем усіх тых, з кім развіталіся на гэтай зямлі. Яны чакаюць нас у вечнасці, а цяпер чакаюць і ў месцах свайго спачыну.      1 лістапада мы будзем адзначаць урачыстасць Усіх Святых – успомнім усіх памерлых вернікаў, якія дасягнулі ўжо збаўлення і знаходзяцца на нябёсах. 2 лістапада – Дзень памінання памерлых, дзень памяці пра ўсіх тых, хто адышоў у іншы свет, каго ўжо няма сярод нас. Традыцыйна ў гэтыя дні людзі масава наведваюць могілкі і касцёлы, складаюць выпамінкі за памерлых. Сёлета, як  паведаміў пробашч касцёла Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы а. Вальдэмар Слота, працэсіі з касцёла на могілкі з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі 2 лістапада не будзе, у 12 гадзін у гэты дзень на могілках адбудзецца толькі святая Імша. Святары запрашаюць усіх выканаць свой хрысціянскі абавязак і аддаць даніну памяці сваім блізкім памерлым.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *