“Паклічу сяброў” … і яны абавязкова прыйдуць!

Культура Лента новостей

Сёння, 15 верасня, у краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Свята прымеркавана да дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, і ў 2018 году яго адзначаюць у васямнаццаты раз. Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М. Кавалеўскага і яе калектыў таксама прымаюць віншаванні.

Сёння райбібліятэка – гэта сучасны сацыяльна-інфармацыйны цэнтр рэгіёна, крыніца распаўсюджвання і месца захоўвання краязнаўчай інфармацыі, публічны цэнтр прававой інфармацыі і мультымедыйны цэнтр, установа, дзе аказваецца  метадычная дапамога  сельскім бібліятэкам раёна. Бераставіцкая раённая бібліятэка  з’яўляецца агульнадаступнай для ўсіх катэгорый карыстальнікаў, прадастаўляе бясплатны доступ да інфармацыйных рэсурсаў.  Асноўная яе задача – стварэнне спрыяльных умоў для задавальнення інфармацыйных і культурных запытаў чытачоў праз розныя формы работы. Да паслуг наведвальнікаў – абанемент, чытальная зала, публічны цэнтр прававой інфармацыі, мультымедыйны цэнтр, доступ да інтэрнэту і электроннай пошты. Інфармацыйныя рэсурсы ўключаюць універсальныя па зместу фонды, якія налічваюць больш за 30 тысяч адзінак захоўвання. У бібліятэцы ствараюцца і ўласныя інфармацыйныя рэсурсы – электронны каталог налічвае звыш 40 тысяч запісаў. Адной з галоўных функцый бібліятэкі з’яўляецца фарміраванне і захаванне мясцовых і краязнаўчых выданняў, дапамога чытачам у вывучэнні гісторыі роднага краю, асветніцкая дзейнасць. 

А яшчэ бібліятэка – гэта месца для душэўных сяброўскіх зносін. Так сцвярджаюць ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Паклічу сяброў” – жанчыны пенсійнага ўзросту, якіх аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы, духоўная блізкасць, імкненне правесці вольны час з карысцю, жаданне заставацца запатрабаванымі і актыўнымі членамі грамадства.  Усе яны – актыўныя чытачкі, якія не ўяўляюць свайго жыцця без кнігі.

Напярэдадні Дня бібліятэк гэтыя жанчыны, якія, да таго ж, з’яўляюцца актывістамі раённага Савета 

ветэранаў, прыйшлі павіншаваць калектыў райбібліятэкі са святам.

– Актывісты раённага Савета ветэранаў вельмі цесна супрацоўнічаюць з работнікамі райбібліятэкі ў сваёй дзейнасці, – гаворыць лідар ветэранскага руху, старшыня райсавета Алена Сілкова. –  І вельмі любяць чытаць. Увогуле, што б ні казалі пра развіццё інтэрнэту і электронных носьбітаў інфармацыі, кнігі будуць з чалавекам доўга. Яны суправаджаюць нас па жыцці – у самым дзяцінстве праз знаёмства з маляўнічымі кніжкамі казак, у школьныя і студэнцкія гады і нават у сталым ўзросце. Я бы нават падкрэсліла, што для нас, пенсіянераў, вельмі важна чытаць, каб наша мысленне і ўяўленне не затухалі з гадамі. Навукоўцы даказалі, што чытанне не толькі супакойвае, яно развівае разумовую дзейнасць, не дае драмаць нашаму мозгу, адным словам, дапамагае нам у жыцці. А сховішча кніг – гэта бібліятэка. Яна – цэнтр культурнай дзейнасці і месца, куды хочацца прыходзіць. І мы прыходзім: на пасяджэнні клуба “Паклічу сяброў”, на шматлікія выставы і мерапрыемствы і адчуваем задавальненне ад сустрэч. Работнікам райбібліятэкі і яе сельскіх філіялаў хочацца пажадаць, каб усё каштоўнае і добрае, што яны знаходзяць у кнігах, суправаджала іх па жыцці.

Бібліятэкары Бераставіцкай раённай бібліятэкі не толькі прафесіяналы сваёй справы, але і творчыя неардынарныя асобы. Доказ гэтаму – выстава творчых работ загадчыцы філіяла “Дзіцячая бібліятэка” Аксаны Кумпель, прымеркаваная да Дня бібліятэк і арганізаваная ў абанементнай зале райбібліятэкі.

Мала хто ведае, што Аксана Паўлаўна захапляецца вышыўкай  у техніцы алмазнай мазаікі. Гэта наклейванне мініяцюрных страз з бліскучымі гранямі на аснову. У выніку атрымліваецца неверагодна прыгожы, пераліўны і бліскучы малюнак, сапраўдная карціна. Такая вышыўка набірае папулярнасць сярод рукадзельніц. Аксана Паўлаўна займаецца ёю ўжо тры гады і атрымлівае ад працэсу душэўнае заспакаенне, творчую асалоду і магчымасць ствараць прыгажосць сваімі рукамі. Нам жа, чытачам райбібліятэкі, застаецца толькі далучыцца да віншаванняў і наведаць выставу Аксаны Кумпель, каб зірнуць на бібліятэкараў з іншага боку.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

 

Актывісты раённага Савета ветэранаў прыйшлі павіншаваць калектыў райбібліятэкі са святам.

 

Аксана Кумпель – аўтар карцін у тэхніцы алмазнай мазаікі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *