Кожны год традыцыйны раённы конкурс па ўзнаўленні статка з’яўляецца сапраўднай падзеяй для аграрыяў, занятых у жывёлагадоўлі. Па выніках работы ў гэтай галіне наш раён сярод лепшых у рэспубліцы і вобласці. Ад таго, наколькі здаровай будзе жывёла, а значыць, і прадуктыўнай, як аднаўляецца статак, залежыць далейшае паспяховае развіццё жывёлагадоўлі ў раёне. Нарошчваць выпуск прадукцыі зараз выгадна і таму, што павялічыліся аб’ёмы паставак у Расійскую Федэрацыю. А конкурс спрыяе здаровай канкурэнцыі і прыўносіць у паўсядзённую работу бадзёры “дух спаборніцтва”.
Нядаўна, 22 жніўня, адбыўся 33- і чарговы традыцыйны конкурс на базе СВК “Алекшыцы”. Выбар быў зроблены невыпадкова. Гаспадарка вылучаецца стабільнай работай і нераўнадушнымі да справы людзьмі. Удзельнікі конкурсу прайшлі праверку тэарэтычных і практычных ведаў. Вядома, людзі хваляваліся, таму што камісія была строгай. Аднак у прыярытэце была аб’ектыўнасць, таму можна сказаць, што выйгралі ўсе. У любым выпадку спецыялісты ўдасканалілі свае веды, даведаліся яшчэ больш цікавага і карыснага.
Пераможцам раённага конкурсу па штучным асемяненні жывёлы сярод тэхнікаў — асеменатараў стаў Ян Эйсмант з СВК “Алекшыцы”, ён набраў 95 балаў і заняў 1 месца. Сяргей Шкулепа з аграфірмы “Стары Дворац” і Сяргей Навасад з РУСП “Масаляны” набралі па 93,3 і 93 балы і занялі 2 і 3 месцы адпаведна. Сярод ветурачоў — гінеколагаў Ян Ткачук з аграфірмы “Стары Дворац” набраў 93 балы і апынуўся на пачэсным першым месцы. А 92 і 91 балы адпаведна набралі Канстанцін Рагалевіч з СВК “Малабераставіцкі элітгас” і Сяргей Гутоўскі з СПП “АграМір” і занялі 2 і 3 месцы.
Максімум — сто балаў- набрала ў спаборніцтве сярод заатэхнікаў — селекцыянераў Эрыка Здановіч з СВК “Алекшыцы”. На другім месцы з 99 баламі — Андрэй Занеўскі з СВК “Малабераставіцкі элітгас”, 95 і 3 месца ў Алены Анохінай з РУСП “Масаляны”.
Сярод звёнаў па ўзнаўленні статка на першым месцы апынулася звяно СВК “Алекшыцы” (96, 5 бала). На 2 месцы – звяно СВК “Малабераставіцкі элітгас” (94,5 бала).
Пераможцам былі ўручаны Граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама і каштоўныя падарункі ад РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства”. А першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Кадргулаў уручыў грашовыя прэміі ўсім удзельнікам конкурсу. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Апон парадаваў ветэранаў працы і маладых спецыялістаў граматамі і грашовымі прэміямі ад райкама прафсаюза.
У раённым мерапрыемстве прынялі ўдзел прафесар, загадчык кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчай жывёлы Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Юрый Гарбуноў, галоўны заатэхнік РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства” Раман Трахімчык і вядучы заатэхнік племпрадпрыемства Алена Кузьміцкая.
— Бераставіцкі раён працуе на перспектыву, — адзначыў Юрый Анатольевіч. – У параўнанні, напрыклад, з двума гадамі таму, відавочна, што ўзровень ведаў у спецыялістаў узрос, расце іх кваліфікацыя, што вельмі радуе. А сярод раёнаў вобласці стабільнай работай вылучаюцца Бераставіцкі і Гродзенскі.
Далейшых вам поспехаў, шаноўныя!
Ніна Наддэ,
фота аўтара