Падзяліцеся цікавым фотаздымкам

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей

… Вясковы падворак шасцідзясятых гадоў. Драўляная хата, хлеўчукі. На чысты брукаваны дворык выйшлі з-за вясельнага стала госці – свае ж, аднавяскоўцы.
— Мы гэта на танцы сабраліся і чакаем жаніха з нявестай, дружбантаў з дружкамі і астатніх вясельнікаў,–успамінае Любоў Міхайлаўна Габец з вёскі Мянькі, у альбоме якой я і ўбачыла гэты здымак. Жанчына на ім у цёмным паліто, а–крайні справа–яе муж, Іван, якога ўжо чатырнаццаць год як няма на гэтым свеце…
— Люблю глядзець на гэты здымак,–кажа Любоў Міхайлаўна. – Маладосцю, здароўем, шчасцем абдае ён. Дужыя былі, жылі верай і надзеяй, што наперадзе–толькі светлая, шчаслівая будучыня. Калгасы мацнелі, мы працавалі з энтузіязмам. Дастатак у сем’ях пачаў з’яўляцца. І апраналіся ўжо па-іншаму, не так, як у пасляваенныя пяцідзесятыя. Дзяцей вучылі.
Фотаздымкі ў нашых альбомах і альбомах нашых бацькоў–гэта гісторыя і малой радзімы, і роднай Беларусі, і былога Савецкага Саюза, на прасторах якога многія з нашых землякоў працавалі на будоўлях стагоддзя–узводзілі гарады, асвойвалі цалінныя землі, будавалі БАМ, адкрывалі новыя радовішчы нафты і газу… Кожны фотаздымак з тых часоў – гэта кавалачак таго жыцця, магчымасць зноў зазірнуць у яго. Мяркую, у Вашых фотаальбомах, шаноўныя чытачы, ёсць і здымкі, дзе Вы сфатаграфаваны побач са знакамітымі, славутымі людзьмі.
Прыносьце нам, дасылайце самыя цікавыя здымкі з апісаннем таго, калі і дзе яны зроблены, хто сфатаграфаваны. А мы змесцім іх ў нашай газеце пад новай рубрыкай “Фотаракурс”.
Марыя ДРАПЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *