Год беражлівасці, аб’яўлены ў краіне, падыходзіць да свайго завяршэння. Акцэнт на такой важнай праблеме быў прызваны засяродзіць нашу ўвагу на беражлівых адносінах да энергарэсурсаў, і не толькі. У гаспадарках распрацоўваліся разнастайныя мерапрыемствы. Адным з рэсурсаў далейшага развіцця вытворчасці з’яўляецца зніжэнне яе энергаёмістасці. Што ўдалося зрабіць? Сёння на гэту тэму разважаюць галоўныя эканамісты Людміла Рыжэўская з СВК імя Варанецкага, Мікалай Сыс з РУСП “Масаляны” і Аляксей Кудлаш з СВК “Макараўцы”.
Людміла Рыжэўская, СВК імя Варанецкага:
— За 11 месяцаў гэтага года ў нашым сельгаскааператыве сэканомлена амаль 14 тысяч метраў кубічных газу ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага. Гэта ўдалося зрабіць за кошт сушкі збожжа аптымальнай вільгаці на зернесушыльных комплексах у час уборкі. Працэс належна кантраляваўся. Сэканомлена таксама 4 тоны дызельнага паліва, 8 тон бензіну. Перавозкі таксама былі аптымізаваны, транспарт выкарыстоўваўся эфектыўна. Да канца года спадзяёмся і на эканомію электраэнергіі. І раней, і сёлета на вытворчых аб’ектах мянялі лямпы на энергазберагальныя.
А ў малочнай жывёлагадоўлі за 11 месяцаў гэтага года ў параўнанні з леташнім такім жа перыядам паменшыўся расход кармоў на 3,6 працэнта. За вытворчым працэсам наглядае заатэхнічная служба гаспадаркі. Уносяць свой уклад і працаўнікі. Напрыклад, механізатары на МТК “Рымуцеўцы” Анатоль Барысік і Уладзімір Сяргееў пры пагрузцы і раздачы кармоў сочаць, каб кармы выкарыстоўваліся эфектыўна.
Мікалай Сыс, РУСП “Масаляны”:
— Расход кармоў у нас за 11 месяцаў 2013 года на вытворчасць аднаго цэнтнера малака склаў 0,72 цэнтнера кармавых адзінак. За такі ж час мінулага года паказчык быў 0,74. Адпаведна расход кармоў па гаспадарцы паменшыўся на 1475 тон. Дасягнута значная эканомія.
Акрамя гэтага, на аб’ектах у нас мянялі лямпы на энергазберагальныя, а ў мехмайстэрні, напрыклад, быў устаноўлены кацёл на мясцовых відах паліва.
Аляксей Кудлаш, СВК “Макараўцы”:
— Згодна з мерапрыемствамі, распрацаванымі па энергазберажэнні, у нас за 11 месяцаў гэтага года сэканомлена 37 тон умоўнага паліва ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам, а таксама 77 метраў кубічных прыроднага газу. У СВК “Макараўцы” быў уведзены ў эксплуатацыю новы сучасны зернесушыльны комплекс, што паспрыяла такой эканоміі. У некаторых відах тэхнікі замянілі рухавікі на больш эканамічныя. Як і ў іншых гаспадарках, мы таксама імкнемся выкарыстоўваць энергазберагальныя лямпы ў вытворчых памяшканнях, каб эканоміць электрычнасць.
Запісала
Ніна Наддэ