Завяршыўся раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах для навучэнцаў I і II ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Па інфармацыі галоўнага спецыяліста сектара сацыяльнай і арганізацыйна-педагагічнай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціны Апунік, удзел у ім прынялі 235 вучняў 4-9 класаў устаноў адукацыі раёна. 98 школьнікаў сталі пераможцамі і прызёрамі раённых прадметных алімпіяд.
Адразу тры першых месцы заняў вучань 5 класа Масалянскага ясляў-сада-базавай школы Уладзіслаў Курчыцкі: па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры і гісторыі.
Яшчэ 6 удзельнікаў раённых алімпіяд заваявалі прызавыя месцы па 2 прадметах. Сярод іх сямікласніца Вялікабераставіцкай СШ Дар’я Атарык (1-я месцы па беларускай мове і літаратуры і рускай мове і літаратуры), васьмікласнік Вялікабераставіцкай СШ Максім Капіца (1-я месцы па геаграфіі і біялогіі), вучаніца 6 класа Вялікаэйсмантаўскай СШ Караліна Анджэеўская (1-е месца па беларускай мове і літаратуры і 2-е па рускай мове і літаратуры), вучань 8 класа Канюхоўскага ясляў-сада-СШ Павел Буры (1-е месца па рускай мове і літаратуры і 2-е – па хіміі), Мікіта Сакалоўскі, васьмікласнік Вялікабераставіцкай СШ (1-е месца па біялогіі і 2-е — па хіміі), васьмікласніца Вялікабераставіцкай СШ Анастасія Жытко (3-я месцы па рускай мове і літаратуры і англійскай мове).
Найлепшых вынікаў дасягнулі каманды Вялікабераставіцкай сярэдняй школы (48 прызавых месцаў, 67% ад прадстаўніцтва), гімназіі аг. Пагранічны (14 прызавых месцаў, 43% ад прадстаўніцтва). Адметным стала выступленне каманды Масалянскага ясляў-сада-базавай школы, якая заваявала 8 прызавых месцаў, што складае 114% ад прадстаўніцтва.
Победители районного этапа олимпиады по учебным предметам
“Край Гарадзенскі”
24 красавіка вучні Малабераставіцкай СШ, гімназіі аг.Пагранічны, Старадварэцкага ясляў-сада-БШ, Макараўскага ясляў-сада-СШ і Алекшыцкай СШ прынялі ўдзел у II абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Край Гарадзенскі”, прысвечанай 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Выступленне юных даследчыкаў з нашага раёна стала даволі паспяховым: яны вярнуліся з канферэнцыі з 6-ю прызавымі месцамі.
Дыпломам I-й ступені адзначана работа “Баявы шлях дырэктара Малабераставіцкай школы Ластачкіна М.М.”, якую выканала Кацярына Чорная (Малабераставіцкая СШ, кіраўнік – Т.І.Эйсмант), яшчэ дзве работы, выкананыя пад кіраўніцтвам Т.І.Эйсмант, узнагароджаны дыпломамі II-й ступені: “Савецкі салдат – вызваліцель народаў Еўропы” (Ілона Макулік і Кірыл Панасевіч) і “Загінуў пры вызваленні Малой Бераставіцы” (Валерыя Лебедзь і Ніка Стубеда).
Работы “Вялікая Айчынная вайна ў лёсе маіх землякоў” (Кацярына Болбат, Макараўскі яслі-сад-СШ, кіраўнік – А.В.Панкевіч), “Лёс земляка І.М. Жыжаля ў гісторыі маёй краіны” (Карына Леваненя, гімназія аг.Пагранічны, кіраўнік – Л.А.Турок) і “Вёска Клепачы – летняя рэзідэнцыя магнатаў Тышкевічаў” (Карына Трэйга, гімназія аг.Пагранічны, кіраўнік – Л.А.Турок) адзначаны дыпломамі III ступені.
“Інтэлект. Маладосць. Беларусь”
Па выніках Рэгіянальнай алімпіяды па грамадазнаўству “Інтэлект. Маладосць. Беларусь”, якую праводзіў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы сярод навучэнцаў 9-11 класаў, дыпломам II-й ступені ўзнагароджаны Алена Максімік і Дар’я Пячко з Масалянскага ясляў-сада-БШ.
Алімпіяда праводзілася ў форме конкурсу даследчых праектаў па актуальных праблемах развіцця сучаснага грамадства. Спачатку прайшоў завочны адборачны тур, а затым аўтараў найбольш цікавых праектаў запрасілі ў ГрГУ імя Я.Купалы, дзе яны абаранялі свае навукова-даследчыя работы і адказвалі на пытанні журы.
Работа масалянскіх школьніц “Інвазіўныя віды раслін аграгарадка Масаляны і яго ваколіц”, якую яны выконвалі пад кіраўніцтвам настаўніцы А.У.Курчыцкай, зацікавіла членаў журы і атрымала даволі высокую адзнаку.
А ўсяго ў завочным туры Рэгіянальнай алімпіяды па грамадазнаўству ўдзельнічала 5 даследчых праектаў з Бераставіцкага раёна, 2 з іх былі адобраны для ўдзелу ў вочным туры.
Ірына Міклаш