1 верасня на ўрачыстых лінейках ва ўсіх школах Гродзеншчыны стартаваў абласны марафон ведаў гісторыі вайны. У год 70-годдзя Перамогі з першага навучальнага дня школьнікам нагадалі аб гераічным мінулым іх краіны, подзвігу ветэранаў і самаахвярнасці пасляваеннага пакалення.
Школьныя лінейкі завяршыліся своеасаблівым флэшмобам “Маё пасланне роднай краіне”, у час якога ў неба ўзняліся рознакаляровыя шары з сімвалам міру і запаветным пасланнем сваёй любімай краіне ў Дзень ведаў. Уключыўся ў марафон і Беларускі саюз жанчын, падрыхтаваўшы памятныя падарункі для тых першакласнікаў, якія нарадзіліся ў Дзень ведаў.
У нашым раёне 1 верасня свой дзень нараджэння святкаваў першакласнік Малабераставіцкай сярэдняй школы Сяргей Варанцоў. Менавіта да яго з падарункам завітала старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Ігнатовіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. І не адна, а разам з работнікамі культуры, якія падрыхтавалі святочную забаўляльную праграму для імянінніка і яго аднакласнікаў. Усімі любімыя роставыя лялькі правялі з малабераставіцкімі першакласнікамі разнастайныя конкурсы і гульні, павіншавалі іх з пачаткам навучальнага года, патанцавалі і павесяліліся разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Для галоўнага “віноўніка” ўрачыстасці быў падрыхтаваны падарунак ад Беларускага саюза жанчын – кнігі патрыятычнага зместу і карта свету, а ўсе астатнія першакласнікі атрымалі салодкія падарункі ад Вавёркі. Дарэчы, печыва было зроблена ўласнымі рукамі актывістак Беларускага саюза жанчын, адзначыла Алена Ігнатовіч.
Акцыя раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын стала цудоўным падарункам для першакласнікаў і, безумоўна, пакінула ў іх найлепшыя ўражанні аб першым навучальным дні ў школе.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара