Падарожжы следапытаў з Макараўскай школы

Здравоохранение Образование

Паутинка В лесуУ Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе працаваў дадатковы аздараўленчы эколага-краязнаўчы лагер “Юны следапыт”.
Па праграме “КВЭСТ, ці Падарожжа следапытаў” за дзевяць дзён у лагеры падлеткі здзейснілі цікавыя падарожжы па родным краі. Нашы выхаванцы пабывалі ў г.Бярозаўка, дзе наведалі шклозавод “Неман” і з цікавасцю паназіралі, як майстры выдуваюць шкло. Далей шлях нашых турыстаў ляжаў у Лідскі замак. Тут дзеці даведаліся, што Беларусь называюць краінай замкаў, таму што на параўнальна невялікай тэрыторыі краіны іх знаходзіцца больш за сотню. Таксама тут выхаванцы пачулі легенды і паданні Лідчыны, атрымалі звесткі пра гістарычныя падзеі і гістарычных дзеячаў.
Юныя следапыты разам са сваімі выхавацелямі на­ведалі музей камянёў у Вяліка­­эйсмантаўскай школе, літа­ратурна-краязнаўчы музей у Гудзевічах і музей “Чалавек і лес” у Мастах, пазнаёміліся з жыццём ваеннаслужачых на пагранічнай заставе “Русакі”, з яе гісторыяй.
Вялікая ўвага надавалася і экалагічнаму выхаванню: дзеці стварылі экалагічную сцежку для да­школьнікаў, прынялі актыўны ўдзел ва ўборцы ляснога масіву, агароджвалі мурашнікі.
Дні, праведзеныя ў лагеры, былі насычаны цікавымі заняткамі, забавамі і квэст-гульнямі, якія выклікалі ў юных следапытаў больш за ўсё эмоцый. Пры правядзенні квэст-гульні “Нашчадкі Перамогі” дзеці знаходзілі адказы на пытанні-загадкі, збіралі гістарычную інфармацыю, складвалі пазлы розных вядомых мясцін роднага краю. Спартыўная квэст-гульня “Ад заходу да світання гэта лета – наша лета” дапамагла камандам паказаць кемлівасць, хуткасць, згуртаванасць і фізічную падрыхтоўку кожнага. Заданні ўяўлялі сабой бліц-апытванне, арыентаванне на мясцовасці, праходжанне павуцінкі, балота, мышалоўкі. Лічу, што такія гульні дапамаглі выклікаць цікавасць у дзяцей да актыўнага ўзаемадзеяння з навакольным светам, садзейнічалі паспяховаму пераадольванню цяжкасцей, фарміраванню навыкаў працы ў камандзе. Квэст-гульні “Дарожны дазор”, “Знайдзі скарб” і “Збіралачка” дапамаглі не толькі правесці вольны час з карысцю, але і папоўніць багаж ведаў з гісторыі сваёй вёскі і навучальнай установы, паўтарыць правілы дарожнага руху.
І вячэрнія сустрэчы каля кастра надоўга застануцца ў памяці дзяцей. Менавіта на гэтых сустрэчах гучалі піянерскія песні, цікавыя гісторыі, падводзіліся вынікі дня, а пах печанай бульбы і сала разносіўся па ўсёй ваколіцы.
Хутка і непрыкметна праляцелі 9 дзён у лагеры. дзеці не толькі адпачылі, цікава правялі час, але і паспелі зрабіць шмат добрых і карысных спраў. І словы падзякі, якія гучалі ў адрас педагогаў, гавораць аб тым, што адпачынак удаўся.
Алена Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *