Фарміраванне беражлівых адносін да здароўя, як галоўнай каштоўнасці чалавека, — такая мэта ставілася падчас правядзення свята ў Макараўскім Доме нацыянальных культур сумесна з Лішкаўскім клубам-музеем. На жаль, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця сярод нас па-ранейшаму не вельмі многа. Людзі часта з абыякавасцю адносяцца да стану свайго здароўя, не разумеюць, што захаванне яго — у іх ўласных руках.
Беражлівыя адносіны да свайго здароўя ў дзецей трэба выхоўваць з маленства, актыўна заахвочваць да заняткаў фізічнай культрай і спортам. Свята здароўя, праведзенае нашымі ўстановамі культуры, прысвячалася менавіта гэтай праблеме і прызначалася менавіта юнай аўдыторыі.
Па-святочнаму ўбраная зала, на сцэне — вядучыя-арганізатары мерапрыемства… Адбываецца пазнавальнае “падарожжа” ў краіну пад назвай Здаровы Лад Жыцця. У ёй — дзеці прытрымліваюцца пэўнага рэжыму дня, правільна харчуюцца, любяць спорт і таму… не хварэюць. Падчас мерапрыемства ўсім было цікава і весела. Юныя госці свята актыўна ўдзельнічалі ў тэматычных конкурсах, спартыўнах спаборніцтвах, а ў якасці ўзнагароды атрымлівалі салодкія падарункі — цукеркі і пячэнне. Свята працягнулася на свежым паветры, а завяршылася дыскатэкай. Мы спадзяёмся, што дзецям яно запомніцца надоўга, падштурхне да выбару правільнага шляху ў жыцці і навучыць сябраваць з фізкультурай і спортам.
Вікторыя БАЖКО, дырэктар Макараўскага ДНК,
Ірына ІЛЬІНАВА, загадчыца Лішкаўскага клуба-музея
У гасцях у казкі
На наша здароўе сёння ўплываюць многія фактары: стан навакольнага асяроддзя, спадчыннасць, узровень развіцця сістэмы аховы здароўя… Але ў большай ступені наша здароўе залежыць ад нас саміх. Ад таго ладу жыцця, якога мы прытрымліваемся, ад нашых звычак.
Трэцяга чэрвеня работнікамі Старадварэцкага Дома культуры і народнай творчасці для наведвальнікаў летняга лагера “Сонейка”, што дзейнічае пры мясцовай школе, было арганізавана тэатралізаванае прадстаўленне “Мы — за здаровы лад жыцця”. Прапаганда здаровага ладу жыцця, прафілактыка шкодных звычак у дзяцей найлепш засвойваецца праз гульні, конкурсы, віктарыны. Вось і мы прапанавалі юным гледачам музычную казку, галоўны герой якой — Калабок — спрабаваў знайсці сабе сябра. У яго быў выбар: пасябраваць са шкоднымі звычкамі — Цыгарэтай, Алкаголем, Наркотыкам і іншымі — ці з карыснымі спартыўнымі прыладамі — Ракеткамі, Гантэлямі. Ролі герояў казкі сыгралі ўдзельнікі дзіцячага драматычнага гуртка “Эльфы” Старадварэцкага Дома культуры.
Школьнікі трапілі ў казачную вандроўку. І мы вельмі спадзяёмся, што пасля нашага прадстаўлення кожны з іх зробіць правільны выбар у жыцці.
Алена БУТРЫЛА, мастацкі кіраўнік Старадварэцкага ДКіНТ