Крочыць па зямлі першы месяц вясны. Хутка абудзіцца яна ад зімовага сну і пачнецца гарачая пара для земляробаў. А пакуль яны рыхтуюцца да гэтай адказнай пары тэарэтычна. З 18 лютага па 1 сакавіка на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта былі арганізаваны курсы. У іх праграму ўваходзілі не толькі лекцыі, але і выезд у адну з перадавых гаспадарак Гродзенскага раёна.
Ад СВК “Алекшыцы” на вучобе пабываў начальнік вытворчага ўчастка Уладзімір Калеснік. Ён мае вышэйшую адукацыю, закончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Яму цікава было аднавіць свае веды і набыць новыя ў сваёй “альма матэр”. Стаж работы гэтага спецыяліста 8 гадоў, таму вопыт практычнай работы ў яго ўжо немалы. Ды і працуе гаспадарка стабільна, год ад году радуючы людзей добрымі ўраджаямі. Але навука не стаіць на месцы, прапануе нешта новае, і гэта можна ўкараніць у вытворчы працэс.
Сучасная тэхналогія вырошчвання сельскагаспадарчых культур – гэта своеасаблівы ланцужок, дзе кожнае звяно важнае. Пачынаецца яно з правільнага севазвароту, таму што без граматнага выбару папярэдніка зямля не апраўдае чаканняў. Гэтаму ў СВК “Алекшыцы” надаецца патрэбная ўвага, адзначае Уладзімір Іванавіч, таксама як і наступнаму кроку – належнай апрацоўцы глебы. Гэтым момантам на курсах было ўдзелена дастаткова часу. Начальніку вытворчага ўчастка прыемна было, што многія з тых агрэгатаў якія дэманстравалі падчас вучобы на слайдах, у СВК “Алекшыцы” ўжо ёсць. Падкрэслівалася, што ў зямлю трэба шмат укладваць, інакш чаканні могуць не апраўдацца.
Выезд у СВК імя Дзеншчыкова Гродзенскага раёна быў цікавым. У гаспадарцы многа эфектыўнай сучаснай тэхнікі, там створана добрая рамонтная база. Гасцям з іншых раёнаў расказалі, у прыватнасці, пра тэхналогію вырошчвання гароху. Гэтая бабовая культура капрызная, але дае там выдатны ўраджай.
Даведаўся Уладзімір Калеснік шмат новага і пра сучасныя эксперыментальныя гатункі збожжавых, кукурузы. Напрыклад, адзін з апошніх відаў пшаніцы дае ўраджайнасць 104 цэнтнеры з гектара. Зразумела, ён павінен прайсці своеасаблівую апрабацыю, і “калі не падвядзе”, можна спрабаваць яго сеяць.
Спецыялісты з розных раёнаў і гаспадарак Гродзеншчыны засталіся задаволеныя вучобай кадраў. Яны не толькі атрымалі новыя веды, але і змаглі абмяняцца вопытам.
Ніна Наддэ