У перыяд неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В. М. Кавалеўскага працуе, як і раней, толькі цяпер тут больш увагі надаецца мерам прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі, выконваецца шэраг умоў для стварэння бяспекі чытачоў і супрацоўнікаў. Якіх? Запытаем у дырэктара ўстановы Аксаны Кумпель.
– Перш за ўсё, пры ўваходзе ў памяшканне райбібліятэкі ўстаноўлены дазатары са сродкам дэзінфекцыі. Наведвальнікі маюць магчымасць апрацаваць рукі. Па-іншаму сталі праводзіць і ўборку. З самай раніцы падлога мыецца з хлоркай, цалкам дэзінфіцыруюцца ўсе сталы, скрыні, працоўныя паверхні, дзвярные ручкі. Праводзіцца штодзённая тэрмаметрыя супрацоўнікаў. А бібліятэкары, якія непасрэдна кантактуюць з чытачамі, носяць медыцынскія маскі і пальчаткі, карыстаюцца спіртавымі антысептыкамі. І абавязкова нагадваюць наведвальнікам аб захаванні бяспечнай дыстанцыі, напрыклад, у чытальнай зале. Зноў жа для бяспекі чытачоў вернутыя кнігі праходзяць каранцін 4-5 дзён у спецыяльна падрыхтаваных кантэйнерах і толькі потым займаюць сваё месца на кніжных паліцах бібліятэкі.
– Аксана Паўлаўна, якія змены ў бібліятэчным абслугоўванні чытачоў адбыліся ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай?
– Наведвальнікаў стала крыху менш, але такога, каб мы за дзень не абслужылі ні аднаго чалавека, не бывае ніколі. Людзі чытаюць нягледзячы ні на што, кнігі і часопісы па-ранейшаму запатрабаваныя. Аднак для тых, хто не рызыкуе часта выходзіць, мы праз тэлефонны званок можам падоўжыць тэрмін карыстання кнігай. Пенсіянерам жа, якія сёння знаходзяцца ў групе рызыкі, бібліятэкары прапануюць даставіць кнігі на дом, зразумела, з захаваннем усіх неабходных мер засцярогі. Гэтай паслугай, дарэчы, пажылыя жыхары райцэнтра ўжо карысталіся.
– Сёння ўстановы культуры сталі больш актыўна выкарыстоўваць у сваёй рабоце інтэрнэт.
– Бібліятэкі – не выключэнне. Паколькі запланаваныя масавыя мерапрыемствы перанеслі да стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі, бібліятэчная дзейнасць актывізавалася ў онлайн-фармаце. Наша задача – быць бліжэй да чытача. І нават адмовіўшыся ад правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, мы імкнемся не выпадаць з поля зроку жыхароў раёна. На нашым сайце ў інтэрнэце, а таксама ў сацыяльных сетках з’явіліся разнастайныя онлайн-праекты – буктрэйлеры, відэапрэзентацыі, відэагляды кніг, відэаводгукі чытачоў аб прачытанных творах, відэаўдзел у абласной акцыі “Чытаем разам”, віртуальныя выставы і віктарыны. Тэматыка іх розная, датычыцца, напрыклад, 75-гадоваму юбілею Вялікай Перамогі, юбілеяў пісьменнікаў і паэтаў, краязнаўства, дзяржаўных падзей і дат. Інфармацыя рыхтуецца для чытачоў любога ўзросту, кожны абавязкова знойдзе штосьці пазнавальнае для сябе. Прычым, да онлайн-дзейнасці падключаюцца таксама філіялы сельскіх бібліятэк. І мы рады, што колькасць наведванняў на сайце райбібліятэкі і ў сацыяльных сетках апошнім часам павялічылася. Запрашаем чытачоў да ўдзелу ў нашых новых онлайн-праектах.
Гутарыла Святлана Ганчарова, фота аўтара
На здымку: бібліятэкар філіяла “Дзіцячая бібліятэка” Аксана Затаўка