Нябесная палітра Андрэя Втарушына

Актуально Лента новостей

– Неба мае сваю прыцягальную сілу. Усходы і захады сонца напаўняюць небасхіл дзівосным колерам. Неверагодна, але ўсё жыццё чалавека праходзіць пад небам. У дзяцінстве і юнацтве мы часцей марым, пазіраючы на нябёсы. І, раптоўна, сярод дзівосных аблокаў мы пачынаем заўважаць розныя вобразы, сімвалы, чуць музыку, – так лічыць выкладчык Бераставіцкай ДШМ Андрэй Втарушын, персанальная выстава акварэльнага жывапісу якога адкрылася 18 красавіка ў фае школы мастацтваў. Менавіта нябесныя мары мастака ляглі ў аснову большасці яго работ, прадстаўленых на экспазіцыі, а таксама далі назву і самой выставе – “Нябесныя мроі”. Раніца альбо вечар, восень ці зіма – на пейзажах Андрэя Втарушына заўсёды пануе неба. Палітра нябёсаў вельмі заўсёды разнастайная. Асаблівую таямнічасць перадаюць творы, на якіх пануюць туманы і дажджы. А карціна з небам у аблоках, дзе “прыхаваліся” дваццаць коней стала, напэўна, самай любімай у юных наведвальнікаў і вучняў аўтара выставы. Багатую творчую фантазію і тонкія пачуцці мастака цудоўна адлюстроўваюць яго творы “Два возеры – зямное і нябеснае”, “Сімфонія захаду”, “Нараджэнне Пяруна ў навальніцу”, “Храм дажджу”. А работа “Вялікая мроя Бераставіцы” з’яўляецца адной з галоўных на выставе і адлюстроўвае мару мастака аб тым, калі на старым касцёле Прасвятой Дзевы Марыі з’явіцца дах.
Выклікаюць цікавасць і графічныя работы, сярод якіх вучэбны малюнак “Аголеная са спіны” – адзін з першых сур’ёзных твораў мастака.
Падчас адкрыцця выставы можна было пачуць шмат прыемных водгукаў у адрас аўтара “Нябесных мрояў”. Яго работы сапраўды зачаравалі многіх. Па словах гасцей выставы, у карцінах Андрэя Втарушына жывуць душа, прыгажосць і надзея – тое, чаго нам сёння не хапае, і што мы часта не заўважаем вакол сябе за надзённымі клопатамі і праблемамі.
Адкрыццё выставы Андрэя Втарушына – сапраўдная падзея ў культурным жыцці Бераставіччыны, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чыкун, які разам са старшынёй райвыканкама Антонам Кулісевічам і намеснікам старшыні райвыканкама па будаўніцтву Аляксандрам Рахубай адгукнуліся на запрашэнне мастака наведаць экспазіцыю. – Вельмі рэдка ў нас адбываюцца падобныя мерапрыемствы. Работы Андрэя Втарушына прыгожыя, філасофскія і глыбокія, з асаблівым, уласцівым толькі яму бачаннем свету, з якім вельмі цікава пазнаёміцца і ўсім аматарам мастацтва нашага пасёлка.
Персанальная выстава мастака, на якой прадстаўлена 60 карцін і малюнкаў, будзе адкрыта для наведвання да пачатку мая. Пазнаёмцеся з нябеснай палітрай Андрэя Втарушына – не пашкадуеце!

***

Андрэй Францавіч Втарушын, выкладчык Бераставіцкай ДШМ.
Нарадзіўся ў 1975 годзе ў г.п.Бешанковічы Віцебскай вобл. Цікавасць да малявання праявіў у 10-гадовым узросце, наведваў школьныя арт-студыі.
Мастацкую адукацыю атрымаў у Віцебску: у 1997 годзе скончыў вучылішча мастацтваў з дыпломнай работай “Партрэт Сімяона Полацкага”. Пасля службы ва Узброеных Сілах РБ вучыўся ў ВДУ імя П.М.Машэрава, які скончыў у 2004 годзе з дыпломнай распрацоўкай метадычнага дапаможніка па маляванню “Прапорцыі фігуры чалавека”. З 2004 года выкладаў мастацкія дысцыпліны ў Верхнядзвінску.
З 2008 года працуе настаўнікам выяўленчых мастацтваў у Вялікай Бераставіцы.
Акрамя мастацкай творчасці Андрэй Втарушын захапляецца краязнаўствам. Яго вабяць “белыя плямы” ў гісторыі роднага краю. І ён імкнецца па меры магчымасці іх ліквідаваць.
Краязнаўчая дзейнасць Андрэя Втарушына на Бераставіччыне прадстаўлена серыяй выдадзеных брашур, гістарычных нарысаў, апублікаваных у раённай газеце, а таксама кнігай “Сем пёраў страуса для Бераставіцы”. Усе выданні экспануюцца ў чытальнай зале райбібліятэкі, з калектывам якой аўтар мае цеснае творчае супрацоўніцтва.

Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *